Узбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да пракурораў
- 14.11.2008, 14:32
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да службовых асобаў органаў пракуратуры за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Справы ўзбуджаныя супраць намесніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласці Міхаіла Снегіра.
"Сёння Генеральным пракурорам Беларусі Рыгорам Васілевічам была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да службовых асобаў органаў пракуратуры за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Гэта датычыць даручэння, якое даў у мінулы чацвер кіраўнік дзяржавы", паведамілі агенцтву "Интерфакс-Запад" у Генпракуратуры.
Як раней паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць ад займаных пасадаў намесніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласці Міхаіла Снегіра і ўзбудзіць у дачыненні да іх крымінальную справу.
У Генпракуратуры ўдакладнілі, што крымінальная справа ўзбуджаная па ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае з-за карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.