BE RU EN

Фігуранты «Працэсу 14-ці» патрабуюць ад Сукалы і Васілевіча вызваленьня палітвязьняў

  • 17.11.2008, 11:55

Асуджаныя на «Працэсе 14-ці» актывісты зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы і генеральнага пракурора РБ Рыгора Васілевіча.

Яны патрабуюць неадкладнага перагляду ўсіх палітычных справаў, асабліва вызваленьня палітвязьня Аляксандра Баразенкі, і спыніць выкарыстаньне судовых і пракурорскіх ворганаў дзеля палітычнага ціску і перасьледу.

Старшыні Вярхоўнага Суду РБ сп.Сукалу

Генеральнаму Пракурору РБ сп. Васілевічу

13 лістапада 2008 году А. Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях эфэктыўнасьці ўжываных мераў па барацьбе з карупцыяй агучыў перад шырокай грамадзкасьцю шмат фактаў адносна стану карупцыі у РБ. Так, адпаведна зьвесткам, распаўсюджаных у СМІ, А.Лукашэнка даручыў Вам, сп.Васілевіч, вызваліць ад займаных пасадаў намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. А таксама завесьці супраць абодвух крымінальныя справы. А таксама Вам, сп.Сукала, было даручана вызваліць ад пасад судзьдзяў Ільіну, Есьмана і Паўлючук.

Нагадваем вам, што вышэйпералічаныя судзьдзі сталі сумна вядомымі дэмакратычнай грамадзкасьці задоўга да гэтага моманту. Так, судзьдзя Ільіна, акрамя прысуду Андрэю Клімаву, вызначылася у красавіку гэтага году таксама вынясеньнем беспрэцэдэнтна жорсткага прысуду Андрэю Кіму (1,5 гады зьняволеньня), а таксама несправядлівымі прысудамі астатнім удзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Судзьдзя Есьман, якому давялося судзіць яшчэ трох удзельнікаў гэтай жа самай акцыі, таксама вынес аналягічныя прысуды.

Мы, ніжэй падпісаныя, у красавіку?траўні гэтага году былі асуджанымі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня у выхаваўчыя установы. Былі асуджанымі за удзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Былі асуджанымі проста таму, што патрэбна было кагосьці пакараць за нечакана актыўнае праяўленьне сваёй грамадзянскай пазыцыі. Быў асуджаны нават непаўнагадовы Максім Дашук. Андрэй Кім наогул трапіў за краты. Перагляд справы у Менскім гарадзкім судзе пакінуў прысуд без зьменаў. За гэты кароткі час, аднак, шмат чаго зьмянілася. Нягледзячы на бадзёрыя заявы кіраўніцтва дзяржавы пра адсутнасьць у нас у краіне палітычных зьняволеных, літаральна празь месяц пасьля перагляду прысуду Андрэй Кім быў «памілаваны» кіраўніком дзяржавы.

Чым аўтаматычна ў чарговы раз пацьвердзіў палітычную матываванасьць ягонага прысуду. Гэта сталася магчымым дзякуючы шматлікім чыньнікам, і ў тым ліку ціску міжнароднай супольнасьці.

Усе ж намаганьні перагледзець нашыя выракі аказаліся беспасьпяховымі. Так, мы пастаянна чулі, што беларускія судзьдзі не памыляюцца, мы пастаянна чулі, што у краіне няма палітвязьняў, што судовая сыстэма працуе як гадзіньнік.

Але каго вы хацелі пераканаць? Нас, асуджаных? Іншых грамадзкіх актывістаў, што ў той ці іншай ступені паспыталі на сабе усе плюсы і мінусы дзяржаўнай машыны міліцыі і судоў? А можа простых грамадзян? Дык яны і так лічаць за лепшае наогул не зьвязвацца з дзяржавай. А можа звычайнае чынавенства? Дык як тады вы растлумачыце ім імгненнае вызваленьне Кіма, Казуліна, Парсюкевіча? Ці яны не ведаюць нічога?

Дык можа хопіць кожны раз зацягваць сытуацыю да канчатковага абвастрэньня?

Навошта псаваць адносіны з Эўропай, каб пасьля гандлявацца нашымі душамі? І наогул, ці маеце права вы нас судзіць, калі нават вашы намесьнікі і лепшыя супрацоўнікі па шыю у карупцыі? Чаму мы мусім верыць вам і вашым прысудам?

Сёньня за кратамі знаходзіцца новы палітвязень—Аляксандар Баразенка. І усё па той жа «прадпрымальніцкай» справе. Нашто трымаць за кратамі чалавека, які сам зьявіўся да сьледчага?

Сп. Васілевіч, мы патрабуем ад вас неадкладнага вызваленьня Аляксандра Баразенкі.

Патрабуем менавіта ад вас, таму што, наколькі нам вядома, справа знаходзіцца непасрэдна пад кантролем Генпракуратуры. Прынамсі, санкцыю на меру перасячэньня падпісваў намесьнік пракурора г. Менску. Сам пракурор сталіцы—Кулік — ухіліўся ад падпісваньня санкцыі. Такім чынам, каб пазьбегнуць бюракратычных недарэчнасьцяў і зацягваньняў, мы заклікаем вас прыняць неадкладныя меры па вызваленьню Аляксандра Баразенкі і спыніць крымінальную справу супраць яго за адсутнасьцю складу злачынства.

Сп. Сукала, мы заклікаем вас самым бліжэйшым чынам перагледзець прысуд па нашай справе. І не трэба пісаць «адпіскі», не трэба працягваць называць нас звычайнымі хуліганамі. Бо сапраўдныя злачынцы не мы. Сапраўдныя злачынцы «акапаліся» у вас пад носам у судзе Цэнтральнага раёну — Ільіна, Есьман, Паўлічук. І толькі былы старшыня суду М. Самасейка нейкім цудоўным чынам пасьпеў схавацца за дэпутацкай недатыкальнасьцю.

Мы патрабуем неадкладнага перагляду ўсіх палітычных справаў.

Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Аляксандра Баразенкі.

Мы патрабуем спыніць выкарыстаньне судовых і пракурорскіх дзеля палітычнага ціску і перасьледу.

М. Пашкевіч, А. Бондар, А. Дубскі, П. Вінаградаў

Нагадаем, за ўдзел у акцыі пратэсту Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў былі прысуджаныя да абмежавання волі на два года без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы.

Антон Койпіш і Уладзімір Сяргеяў — аштрафаваныя на 100 базавых велічыняў. Непаўнагадовы Максім Дашук прысуджаны да 1,5 гадоў абмежавання волі, Андрэй Кім — да пазбаўлення волі на 1,5 гады з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму на падставе двух артыкулаў: гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі і ўдзел у групавых дзеяннях, якія грубае парушаюць грамадскі парадак. 20 жніўня А.Кім быў вызвалены ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні

Апошнія навіны