Беларускія прадпрыемствы спыняюць працу?
- 17.11.2008, 17:49
Фінансавы крызіс ужо паралізуе працу дробных і сярэдніх прадпрыемстваў. А на буйных беларускіх заводах людзей, якія праштрафіліся, звальняюць «без размоваў».
Да таго ж, працаўнікам паведамілі, што пасля Новага году колькасць працоўных дзён і заробкі ўрэжуць.
Некаторыя заводы спыняюць працу на некалькі дзён — як на пачатку 90-х. Асабліва цяжка прыходзіцца прадпрыемствам невялікіх гарадоў, напрыклад, барысаўскім. Там часова спыняюць працу заводы «БАТЭ», «Аўтагідраўзмацняльнік», прадпрыемства «Гуматэхніка».
«У кастрычніку мы ўсе адзін дзень пабылі без працы. Быў дадатковы непрацоўны дзень. У лістападзе мы гэтак жа не працавалі ўжо чатыры дні. Усе. Калі трэба было падтрымаць жыццядзейнасць прадпрыемства, выходзілі на працу па чарзе. Вось так мы вырашылі трохі паэканоміць», - паведаміла «Еўрарадыё» крыніца, блізкая да кіраўніцтва «Гуматэхнікі».
Цікава, што асноўную частку прадукцыі «Гуматэхніка» робіць для ўнутранага рынку, за мяжу экспартуе мала. І нават гэтая акалічнасць не ўратавала прадпрыемства ад працоўнага ступару.
Пачынаюць панікаваць і працаўнікі прадпрыемстваў-гігантаў. На Менскім трактарным заводзе за парушэнне дысцыпліны звальняюць «без размоваў», хаця раней такога не было.
«Завод проста так чалавека на вуліцу выгнаць не можа, бо кантракт. Таму калі на прахадной зловяць п’янага – звальняюць без размоваў. Хоць раней можна было напісаць тлумачальную, што памёр нехта са знаёмых і быў на хаўтурах», - распавёў «Еўрарадыё» зваршчык, што пажадаў застацца невядомым..
Супрацоўнікаў трактарнага заводу ўжо папярэдзілі, што пасля Новага года колькасць працоўных дзён і заробкі зменшацца.
«Казалі, што быццам бы будзем працаваць чатыры ці тры дні ў тыдзень Але пасля Новага года. Пакуль усё па-ранейшаму. Справа ў тым, што трактароў з лістапада сталі выпускаць менш, бо Польшча, Украіна і Расея адмаўляюцца купляць. Скарачэнні таксама будуць. Я зваршчык, а капоты на трактарах хутка будуць рабіць пластыкавыя, а значыцца, людзей з майго цэху папрыбіраюць. Мы не ведаем, куды пайсці працаваць. І такое па ўсім заводзе, сябры з іншых цэхаў гэтак жа жаляцца. На МАЗе і маторным заводзе адбываецца тое ж сама», - працягвае зваршчык.
Тым не менш, дзяржава як можа стрымлівае наступствы крызісу для Беларусі. У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пра скарачэнні працоўных месцаў і чуць не жадаюць. А адсотак беспрацоўных у краіне за лістапад, паводле афіцыйных дадзеных, – найніжэйшы за апошнія тры гады – 0,9.
«Скарачэнняў няма дакладна. Што тычыцца пазіцыі Федэрацыі прафсаюзаў, мы супраць скарачэнняў. Працоўныя месцы трэба захаваць любым чынам. Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі, што нехта скарачае працоўны дзень. Усе працуюць у тым жа рэжыме, у якім і працавалі», - заяўляе прэс-сакратар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юлія Зуёнак.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны наступствы крызісу небяспечнымі не лічыць.
«Я ведаю, што такія факты маюць месца ў Расеі. Але наконт Беларусі да мяне такая інфармацыя не паступала», - сцвярджае дарадца міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Паўлаў.