BE RU EN

Хочаш на беларускі рынак - сябруй з Лукашэнкам

  • 18.11.2008, 10:35

Сяброўскія кантакты з беларускім кіраўніком і ягонай адміністрацыяй неабходныя для адкрыцця дарогі на беларускі рынак.

Да канца года на беларускі рынак збіраецца выйсці ізраільская сетка будаўнічых гіпермаркетаў «Home Center» Эліезера Фішмана. Засваенне беларускага рынка сетка крам «Home Center» плануе пачаць з адкрыцця двух філіялаў – у Менску і Віцебску. Улічваючы досыць паспяховы старт бізнэсу ў суседняй Расеі і бяручы да ўвагі прыяцельскія кантакты, якія завязаліся паміж бізнэс-магнатам Эліезерам Фішманам і беларускім кіраўніцтвам, выхад на рынак рэспублікі быў толькі пытаннем часу, перадае «Нямецкая хваля».

Кампліменты і іх кошт

Генеральны дырэктар кампаніі Фішмана ў краінах СНД Эдуард Прылепскі у перадпачатку працы ў Беларусі не шкадаваў кампліментаў у адрас мясцовых улад:

"Для нашай кампаніі Беларусь вельмі прывабная. Мы бачым велізарны, нават большы, чым у суседніх краінах патэнцыял росту. Тут стабільны інвестыцыйны клімат. Ёсць і пэўныя пацяпленні ў заканадаўстве і дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыцы. Мы гэта які адчуваем. І гэта адна з прычын, чаму мы вырашылі выйсці на Беларусь і інвеставаць вялікія грашовыя сумы", -- казаў ён.

Да сённяшняга дня завязаць добрыя кантакты з беларускімі ўладамі і, перш за ўсё, з Аляксандрам Лукашэнкай атрымалася толькі нешматлікім прадстаўнікам ізраільскага бізнэсу. Выключэннем з'яўляюцца, мабыць, "алмазны кароль" Леў Ляваеў і той жа Эліезер Фішман. Па меркаванні аўтарытэтнага эканамічнага аглядальніка Аляксандра Этэрмана, наўрад ці абедзве "акулы" ізраільскага бізнэсу маюць празмерныя сімпатыі да лукашэнкаўскай сістэмы кіравання. Хутчэй, кажа эксперт, сяброўскія кантакты з Лукашэнкам і ягонай адміністрацыяй неабходныя для адкрыцця дарогі на беларускі рынак:

"Бюракратычныя працэсы, звязаныя з сцвярджэннем праектаў, займаюць гады і вельмі дорага каштуюць. Трэба каб хтосьці прыбіраў перашкоды, калі вы хочаце, каб праект пайшоў. І гэта ўдвая дакладна ў выпадку краіны, дзе ўлада вельмі цэнтралізаваная", -- лічыць Этэрман.

Планы і перашкоды на іх шляху

Але калі Леў Ляваеў пасля сустрэчы з беларускім кіраўніком так і не вызначыўся з канкрэтным праектам у Беларусі, то кампанія Фішмана ўжо выступіла з выразнымі абяцаннямі інвеставаць у беларускую эканоміку 1 млрд. даляраў. Акрамя адкрыцця сеткі гіпермаркетаў у планах кампаніі ўзвядзенне парка высокіх тэхналогій у Менску і стварэнне ў сталіцы домабудаўнічага камбіната. Тым не менш, сёння ізраільскія аналітыкі сумняюцца ў рэальнасці выканання дадзеных абяцанняў. Бо апошняя хваля глабальнага фінансавага крызісу балюча стукнула па кішэнях ізраільскіх справавых магнатаў, у прыватнасці, Ляваева і Фішмана. У цэлым з пачатку крызісу страты абодвух бізнэсмэнаў склалі каля 10 млрд. еўра і, як адзначае Аляксандр Этэрман, сёння стаіць вельмі сур'ёзнае пытанне:

"Ці змогуць яны разлічыцца па сваіх абавязаннях? Калі яны цяпер нешта будуюць у Беларусі, гэта звязана, хутчэй за ўсё, з выкананнем ужо ўзятых абавязанняў. Фішману няма з чаго фінансаваць. Уласных сродкаў даўно ўжо няма. Усё блакавана ў сувязі з рэзкім падзеннем закладнога кошту іх праектаў. Мне вельмі цяжка прадставіць сабе, як яны змогуць мабілізаваць істотныя сумы для беларускага праекту, нават калі ён вельмі прывабны", -- лічыць эксперт.

Апошнія навіны