Незалежны прафсаюз не зарэгістравалі з сёмай спробы
- 18.11.2008, 14:38
Магілёўскі гарвыканкам сёмы раз адмовіўся рэгістраваць гарадзкую суполку незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін гаспадаркі.
Афіцыйная падстава — адсутнасьць у суполкі юрыдычнага адрасу. Гарвыканкам разглядаў пытаньне аб рэгістрацыі з жніўня.
Паводле рэгіянальнай каардынатаркі прафсаюзу Галіны Лісіцынай, спачатку ўладальнік памяшканьня дазволіў выкарыстоўваць яго як юрыдычны адрас, але потым, як высьветлілася, чацьвёртага лістапада паведаміў у гарвыканкам, што адмаўляецца ад свайго намеру, перадае “Радыё Свабода”.
“З намі гэта здараецца не ўпершыню. Падобнае было й раней. Мы перакананыя, што на арэндадаўцу папросту ўлада націснула. Балазе на тое ў яе сродкаў шмат. Гарвыканкам нас ня хоча рэгістраваць, бо баіцца. Калі нас зарэгіструюць, мы будзем мець магчымасьць наведваць афіцыйна прадпрыемствы, прысутнічаць на сходах, дзе абмяркоўваюцца працоўныя дамовы, і бараніць інтарэсы працоўных. Уладзе гэта не патрэбна, ёй выгадна, калі працаўнікі бяспраўныя”, — зазначае спадарыня Лісіцына.
Паводле Галіны Лісіцынай, супольнікаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці на Магілёўшчыне больш як сямсот чалавек. Іх магло б быць нашмат больш, калі б прафсаюзныя структуры мелі статус зарэгістраваных арганізацыяў.