Пакуль узровень сустрэч Сідорскага не адпавядае прэм’ерскаму
- 18.11.2008, 16:24
Палітоляг Ігар Лялькоў лічыць, што спадзяваньні афіцыйнага Менску на прарыў у адносінах з Эўразьвязам неабгрунтаваныя, а Велікабрытанія абмяркоўвае падыходы да беларускага бізнэсу і інвэстыцыяў толькі з падачы лорда Бэла.
Палітоляг паведаміў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”, што беларускія ўлады менавіта цяпер вельмі зацікаўленыя ў інвэстыцыях, але пакуль інвэстыцыйны бэкграўнд Беларусі вельмі непрывабны.
“Наконт своечасовасьці. Натуральна, Беларусі зараз вельмі патрэбныя інвэстыцыі. Стан эканомікі на сёньняшні дзень такі, што без маштабных замежных інвэстыцыяў эканоміка Беларусі проста ня можа далей разьвівацца. Так што пытаньне “своечасовасьці” відавочнае.
Што да абгрунтаванасьці гэтых намераў, то Менск за апошнія месяцы зрабіў некалькі крокаў, каб зрабіць Беларусь больш прывабнай для замежных інвэстараў. Плюс да гэтага дэкляруюцца пэўныя дзяржаўныя гарантыі для замежнага бізнэсу ў Беларусі.
Але гэта як крэдытная гісторыя ў банку. Яна напрацоўваецца не за некалькі месяцаў, а гадамі. І пакуль гэты інвэстыцыйны бэкграўнд Беларусі вельмі непрывабны. Дастаткова ўзгадаць спробы маштабных інвэстыцыяў, якія зрабілі “Ford”, “Балтыка”, ды іншыя, -- і якім правалам яны скончыліся.
Таму я думаю, што для сур’ёзнага заходняга бізнэсу Беларусь ёсьць той тэрыторыяй, якую ён будзе імкнуцца абыходзіць. Не выключаю, аднак, што сюды можа прыйсьці рызыкоўны бізнэс, якога хапае і на Захадзе”, - сказаў Ігар Лялькоў.
На ягоную думку, няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта Брытанія сярод заходніх краінаў першай адкрываецца для беларускага бізнэсу і інвэстыцыяў, калі там працуе стваральнік іміджу беларускага ўраду лорд Бэл.
“Гэта ня дзівіць, бо ў Брытаніі працуе платны агент беларускай улады – лорд Цімаці Бэл, які мае дастаткова добрыя кантакты ў асяродку брытанскіх парлямэнтароў, увогуле ў эліце. Таму – чалавек, які адпрацоўвае свае грошы, павінен неяк выводзіць беларускае кіраўніцтва на брытанскі істэблішмэнт, што ён і спрабуе рабіць.
Заўважу, аднак, што пакуль сустрэчы Сідорскага ў Лёндане не адпавядаюць прэм’ерскаму ўзроўню. Дзелавы сьнеданак у рэдакцыі часопіса, ці сустрэча з мэрам лёнданскага Сіці – гэта ня ўзровень кіраўніка ўраду, - падкрэсьліў палітоляг.
Экспэрт удакладніў, шт мэр лёнданскага Сіці – гэта пасада накшталт кіраўніка раённай адміністрацыі ў Менску.
“Так, як кіраўнік раённай адміністрацыі ў Менску. На які ўзровень лорд Бэл здольны выводзіць сваіх кліентаў, на такі і выводзіць”, - зазначыў Ігар Лялькоў.
Нагадаем, сёньня ў Лёндане пачаў сваю працу беларускі інвэстыцыйны форум. У ім бярэ ўдзел прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які знаходзіцца ў Брытаніі з трохдзённым працоўным візытам.