BE RU EN

Улады хаваюць праўду аб палітзняволеным Баразенке

  • 19.11.2008, 9:36

Да актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітвязня Аляксандра Баразенкі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага не быў дапушчаны адвакат.

Наведванне было прызначанае на аўторак, 18 лістапада, аднак у гэты дзень адвакат не быў дапушчаны да свайго падабароннага. Фармальнай прычынай адмовы стала адсутнасць дазволу, які павінен быў выдаць суддзя Есьман.

Адвакат палітвязня Павел Сапелка адмаўляецца каментаваць сітуацыю і раіць «шукаць адказ у газетах». Нагадаем, што суддзю Есьмана, а таксама дзвюх іншых суддзяў Цэнтральнага раёна Менска Таццяну Паўлючук і Алену Ілліну Аляксандр Лукашэнка публічна абвінаваціў у карупцыі, але ўсе яны засталіся на сваіх пасадах.

Паміж тым сітуацыя вакол Аляксандра Баразенкі моцна непакоіць ягоных родных і праваабаронцаў. Інфармацыі ад яго паступае вельмі мала. Відавочна, што карэспандэнцыя грунтоўна «фільтруецца» турэмнай адміністрацыяй. У лісце, датаваным 10 лістапада, Баразенка напісаў аб тым, што ён абвяшчае галадоўку. З тых часоў нічога невядома аб стане ягонага здароўя.

Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка прама ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачаных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 10 актывістаў апазіцыі – Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.

Аляксандр Баразенка падчас следства знаходзіўся ў Польшчы. Ён -- студэнт Уроцлаўскага ўніверсітэта. Пасля таго, як апазіцыянера адлічылі з першага курса БДУ за ўдзел у студэнцкай акцыі супраць адмены ільгот, ён паехаў вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага.

Паказальна, што арышт моладзевага актывіста адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцый у адносінах высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Апошнія навіны