BE RU EN

Лукашэнка не паехаў ва Ўкраіну на мерапрыемствы па Галадамору

  • 19.11.2008, 9:57

Ва Ўкраіне ў гэтыя дні праходзяць памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-м угодкам Галадамора. Вядома, што ўкраінскі прэзідэнт Віктар Юшчанка запрашаў на гэтыя мерапрыемствы і Аляксандра Лукашэнку. Аднак беларускі кіраўнік, як і прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў, у Кіеў не паехаў.

Больш за тое, Лукашэнка дагэтуль ніяк публічна не растлумачыў прычын, па якіх праігнараваў запрашэнне ўкраінскага калегі.

Пракаментаваць адмову Лукашэнкі прыехаць у Кіеў і сустрэцца з Юшчанкам прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага.

«Я асабіста лічу, што калі б Мядведзеў не праігнараваў запрашэнне наведаць мерапрыемствы па Галадамору, то ўслед за ім, хутчэй за ўсё, у Кіеве з'явіўся бы і Лукашэнка. Па-першае, я думаю, што Лукашэнка манеўруе, а па-другое, Юшчанка, запрашаючы Лукашэнку на мерапрыемствы па Галадамору, хацеў правесці з ім двухбаковую сустрэчу і канчаткова вырашыць пытанне ратыфікацыі беларуска-украінскай мяжы. Лукашэнка на гэта не пайшоў. Знешняя палітыка Беларусі на постсавецкай прасторы ў значнай ступені ўзгадняецца з Масквой», -- упэўнены Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік адзначае, што кіраўнік Беларусі таксама не скарыстаўся магчымасцю пагутарыць не толькі з Юшчанкам, але і з ягонымі гасцямі — прэзідэнтамі іншых суседніх краін.

«Хаця бы, зыходзячы з маральна-этычных матывацый, Лукашэнка мог бы прысутнічаць на мерапрыемствах па Галадамору, тым самым, ушанаваўшы памяць бязвінна забітых мільёнаў жыхароў суседняй і братэрскай Украіны. Але, як бачна, ён гэтага не зрабіў», -- кажа Якаўлеўскі.

Нагадаем, што памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-м угодкам Галадамору, пачаліся ва Ўкраіне 18 лістапада і працягнуцца пяць дзён - да 22 лістапада. Прысутнічаць на іх будуць кіраўнікі як мінімум сямі дзяржаваў - Македоніі, Эстоніі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Грузіі, Босніі і Герцагавіны.

Па словах першага намесніка міністра замежных спраў Украіны Юрыя Касценкі, плануецца ўдзел парламентарыяў і прадстаўнікоў урадаў каля 40 дзяржаваў, а таксама буйных міжнародных арганізацый.

Самым насычаным днём стане субота, 22 лістапада. На гэты дзень у будынку Нацыянальнай оперы Ўкраіны запланаваны міжнародны форум з удзелам кіраўнікоў дзяржаваў і прадстаўнікоў СМІ, жалобнае шэсце з ускладаннем кампазіцый са свечак ля мемарыялаў, зварот Юшчанкі да народа, хвіліна маўчання, усеўкраінская акцыя "Запалі свечку!", а таксама паніхіды і малітвы.

Учора ў Кіеве адкрыўся шэраг выставаў, а прэзідэнт Украіны прэзентаваў Нацыянальную кнігу памяці. У яе ўключана 800 тысяч імёнаў ахвяр Галадамору 1932-33 гадоў.

На сённяшні дзень парламенты 14 дзяржаваў прызналі Галадамор генацыдам супраць украінскага народа, а парламенты яшчэ пяці краін ушанавалі памяць ягоных ахвяр. Акрамя таго, Еўрапарламент прызнаў Галадамор злачынствам супраць чалавецтва.

Расея адмаўляецца прызнаваць Галадамор на Ўкраіне 1932-1933 гадоў як генацыд па этнічнай прыкмеце, падкрэсліваючы, што ахвярамі былі як жыхары Ўкраіны, так і жыхары Паволжа і іншых тэрыторый Савецкага Саюза.

Магчыма таксама, Лукашэнка не пажадаў прысутнічаць на мерапрыемствах у Кіеве, бо Галадамор быў і ў Беларусі, хаця і ў меншых маштабах, чым ва Ўкраіне.

Апошнія навіны