BE RU EN

Віцэ-прэм'ер Касінец: «Два-тры разы прагуляў працу – у калонію да двух год» (Абноўлена)

  • 19.11.2008, 19:40

Кантроль за працоўнай дзейнасцю нядбайных бацькоў хуткім часам будзе ўзмоцнены. Іх будуць прымусова лячыць ад алкагалізму і нават саджаць у турмы. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Касінец.

19 лістапада чыноўнік сустракаўся з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным выхаванні.

Ён паведаміў, што хуткім часам будзе створана некалькі кампаній для працаўладкавання асоб, абавязаных пакрываць выдаткі на выхаванне сваіх дзяцей. "Будзеце працаваць, як трэба", - сказаў Аляксандр Касінец, звяртаючыся да тых, хто сабраліся.

Хуткім часам будзе ўведзеная ў дзеянне норма, у адпаведнасці з якой наймальнік будзе прыцягвацца да адказнасці за пропуск прац асобамі, абавязанымі аплочваць утрыманне сваіх дзяцей, перадае БелТА.

Адказнасць нядбайных бацькоў за пропуск працы таксама будзе істотна ўзмоцненая. "Два-тры разы прагуляў - у калонію да двух год", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Касінец адзначыў, што бацькоў, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава, перш за ўсё характарызуюць асацыяльныя паводзіны, яны часта пакутуюць на алкагалізм, толькі 20% з іх маюць спецыяльную адукацыю, а 80% не маюць практычных навыкаў для працы. 70% абавязаных асоб - жанчыны. Дзяржава ў сярэднім выдаткоўвае на выхаванне аднаго дзіцяці Br194 тыс. у месяц. У цяперашні час сацыяльнымі сіротамі ў краіне з'яўляюцца 31300 чалавек.

Пры гэтым віцэ-прэм'ер удакладніў, што за час дзеяння дэкрэту №18 у нядбайных бацькоў былі адабраныя 5903 дзяцей, а 3867 вернутыя ў сем'і. "Раней выпадкі вяртання дзяцей у біялагічныя сем'і былі адзінкавымі", - заўважыў Аляксандр Касінец.

Ён заявіў, што дзяржава зробіць усё неабходнае, каб гора-бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей самі або пакрывалі выдаткі дзяржавы на іх выхаванне. "Хто не ўмее працаваць, таго мы навучым. Хто не хоча, таго прымусім. Хто пакутуе на алкагалізм, таго вылечым. Ну, а на каго ўсё вышэй пералічанае не падзейнічае, той адправіцца ў месцы пазбаўлення волі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Па ягоных дадзеных, за час дзеяння вышэйпаказанага дэкрэту ў адносінах нядбайных бацькоў узбуджана 1866 крымінальных спраў, 596 чалавек ужо знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Віцэ-прэм'ер паабяцаў, што нядбайным бацькам дзяржава не будзе рабіць ніякіх патуранняў: "Будуць працаваць. У нас толькі ў будаўніцтве не хапае 100 тыс. чалавек".

"У нас невялікая краіна, на ліку кожны чалавек, і гэтая згубная з'ява, як нядбайныя бацькі, будзе выкараненая", - запэўніў Аляксандр Касінец. Ён нагадаў, што напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў на гэтым напрамку вельмі сур'ёзныя задачы. "Праца хуткім часам будзе сістэматызаваная. Дзяцей мы ў крыўду не дадзім і не дапусцім, каб яны пакутавалі з-за таго, што для кагосьці даражэй за ўсё бутэлька", - заключыў віцэ-прэм'ер.

Ён даў даручэнне цалкам абследаваць усіх асоб, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным выхаванні, і тых, хто пакутуе на алкагалізм, прымусова накіраваць у наркалагічны дыспансер.

"Для лячэння мы ўжыем самыя сучасныя методыкі", - паабяцаў віцэ-прэм'ер. Ён таксама паведаміў, што хуткім часам колькасць койка-месцаў у краіне для падобнага роду хворых будзе павялічаная да тысячы.

Аляксандр Касінец таксама звярнуў увагу на нездавальняльны стан жылля нядбайных бацькоў і запатрабаваў тэрмінова навесці парадак у жылых памяшканнях. У адваротным выпадку кватэры будуць канфіскоўвацца ў кошт выплаты абавязкаў па ўтрыманні дзяцей, паабяцаў віцэ-прэм'ер.

Нагадаем, што ўчора Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці стварыць у кожнай вобласці працоўны лагер для нядбайных бацькоў, не жадаючых папаўняць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. "Калі яны будуць пастаўленыя ў такія ўмовы, яны тысячу разоў падумаюць, або ім жыць у ранейшых умовах, або будуць тут працаваць. Норму не выпрацаваў, два заўвагі, на трэцюю — у працоўны лагер, а там самыя цвёрдыя ўмовы. Вось тады яны будуць трэсціся і баяцца, і яны будуць лепш працаваць прымусова, выконваць тры нормы за суткі, чым яны патрапяць у такі лагер. Калі б гэта было зроблена, я ўпэўнены, мы бы такім чынам не абмяркоўвалі гэтую праблему. За год сітуацыя змянілася б!" — сказаў А.Лукашэнка.

Апошнія навіны