Курапацкіх вандалаў вызвалілі. Міліцыя нават не дае іх прозвішчы
- 2.11.2008, 16:36
Два маладзёны, якія 1 лістапада позна ўвечары павалілі і зламалі пяць крыжоў ва ўрошычшы Курапаты, перададзеныя міліцыянтамі бацькам.
Аб гэтым “Радыё Свабода” сёньня паведамілі ў аддзеле міліцыі Бараўлянаў Менскага раёну.
Супрацоўнік міліцыі сказаў, што абодва затрыманыя – непаўнагадовыя.
“І цяпер матэрыялы знаходзяцца на дадатковай праверцы. Гэтай справай займаецца супрацоўнік крымінальнага вышуку Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Матэрыял яму ужо адпісаны”, - паведаміў ён.
Супрацоўнік міліцыі таксама патлумачыў, што такая праверка цягнецца да 10 дзён. А ў выпадку неабходнасьці, пракурор Менскага раёну можа працягнуць яе і да аднаго месяцу.
Што тычыцца прозьвішчаў затрыманых, то супрацоўнік міліцыі сказаў, што “такімі дадзенымі ён не валодае”. Аднак спадар Алег, які затрымліваў маладзёнаў, а пасьля паехаў у міліцыю як сьведка, сказаў, што нібыта аднаго з вандалаў зваць Уладзімер Шышла. Але ў дакладнасьці прозьвішча ён не ўпэўнены.
Нагадаем, 1 лістапада а палове на 22 гадзіну ва урочышчы Курапаты грамадзкія актывісты затрымалі двух маладзёнаў, якія ламалі крыжы.
Гэта далёка ня першы выпадак вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Аднак упершыню вандалаў удалося затрымаць.
Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы “Пакутнікам Беларусі”. Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму.
У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.
Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.