Прадпрыемствы спыняюцца. МАЗ пераходзіць на скарочаны працоўны тыдзень
- 20.11.2008, 15:36
На Менскам аўтазаводзе многія цэхі пераходзяць на скарочаны да чатырох дзён працоўны тыдзень. Прадпрыемства адчвае велізарныя цяжкасці са збытам прадукцыі.
«Сітуацыя такая, што тыя цэхі і вытворчасці, якія звязаныя з вытворчасцю дэталяў для самазвальнай і аўтамабільнай тэхнікі, адчуваюць праблемы і спыняюцца. Пакуль яшчэ працуе аўтобусная вытворчасць. Многія цэхі ўжо пераведзеныя на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Становішча вельмі цяжкое. Расейскі рынак практычна спыніў набыццё тэхнікі. Вы можаце праехацца вакол заводаў, і пабачыць, што і на Менскам трактарным заводзе, і на МАЗе павялічваецца колькасць машынаў, якія стаяць», -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў.
Паводле словаў прафсаюзнага лідэра, самая цяжкая сітуацыя склалася на гарадзенскім заводзе карданных валаў «Белкард», які пазбавіўся расейскага рынка і «практычна спыняецца». Не менш сумнае становішча Рагачоўскага прадпрыемства «Дыапраектар». Бабруйскі завод дрэвавалаконных плітаў з 17 лістапада спыніў працу. Кіраўніцтва прадпрыемства прычынай гэтаму называе сусветны фінансавы крызіс і цяжкасці са збытам прадукцыі.
На днях з'явілася інфармацыя, што жодзінскі «БелАЗ» таксама пераходзіць на чатырохдзённы тыдзень. Аднак гэтую інфармацыю прафсаюзны лідэр пакуль не пацвярджае.
«З'явілася інфармацыя, што «БелАЗ» у тэрміновым парадку рыхтуецца да акцыянавання. Мусіць, будуць прадаваць адным з першых гэты самы прынадны кавалак беларускай прамысловасці. Але гэтую інфармацыю яшчэ трэба праверыць», -- адзначае Бухвостаў.
Раней ужо паведамлялася, што некаторыя заводы спыняюць працу на некалькі дзён — як у пачатку 90-х. Асабліва цяжка прыходзіцца прадпрыемствам невялікіх гарадоў, напрыклад, барысаўскім. Там часова спыняюць працу заводы «БАТЭ», «Аўтагідраўзмацняльнік», прадпрыемства «Гуматэхніка».
Пачынаюць панікаваць і працоўныя прадпрыемстваў-гігантаў. На Менскам трактарным заводзе за парушэнне дысцыпліны звальняюць «без размоваў», хаця раней такога не было. Супрацоўнікаў трактарнага заводу ўжо папярэдзілі, што пасля Новага года колькасць працоўных дзён і заробкі зменшацца.
Прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах вымушаныя адмаўляць сваім супрацоўнікам у матэрыяльнай дапамозе і грашовых прэміях, якія ім належаць ў адпаведнасці з калектыўнай дамовай.