BE RU EN

Акцыянер Беларускай калійнай кампаніі прагназуе скарачэнне вытворчасці

  • 21.11.2008, 9:57

Адзін з акцыянераў Беларускай калійнай кампаніі — расейскае ААТ «Уралкалій» — прагназуе скарачэнне вытворчасці мінеральных угнаенняў у 2009 годзе.

Аб гэтым піша БелаПАН.

«Паколькі глабальны фінансавы крызіс, які закрануў нараўне з іншымі галінамі і сельскую гаспадарку, прывёў да паніжэння попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю, шматлікія сельгасвытворцы апынуліся не ў стане закупляць угнаенні ў запланаваных аб'ёмах. У выніку попыт на прадукцыю кампаніі знізіўся на шэрагу рынкаў», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце «Уралкалія».

У кастрычніку кампанія абвясціла аб скарачэнні на 50% (500 тыс. тон) вытворчасці калійных угнаенняў у IV квартале бягучага года. У сувязі са скарачэннем аб'ёмаў вытворчасці ААТ «Уралкалій» прагназуе паніжэнне грашовай плыні ў кастрычніку—снежні на 650 млн. даляраў. Рэшткі грашовых сродкаў кампаніі на канец 2008 года прагназуюцца на ўзроўні 300 млн. даляраў пры крэдытах у 470 млн. даляраў.

У кампаніі мяркуюць, што складаная сітуацыя на рынку ўгнаенняў захаваецца ў пачатку 2009 года і «Уралкалій» будзе вымушаны скарачаць выпуск прадукцыі.

«На дадзены момант кампанія не мае дакладнага прагнозу па загрузцы вытворчасці ў 2009 годзе і па меры разумення сітуацыі будзе інфармаваць інвестараў і грамадскасць аб сваіх рашэннях», — паведамляюць у кампаніі.

Апошнія навіны