За распаўсюд дазволенай «Нашай Нівы» арыштаваныя моладзевыя актывісты
- 24.11.2008, 9:38
У Горадні міліцыянты затрымалі шасьцёх моладзевых актывістаў, якія раздавалі незалежную прэсу — газэты «Наша Ніва» і «Наша слова», а таксама рэклямкі тэлеканала «Белсат».
Актывістаў даставілі ў Ленінскі РАУС. Адна з затрыманых — Хрысьціна Марчук - паведаміла «Радыё Свабода», што яны мелі ў руках пакеты з эмблемай «Белсату».
Да пастарунку падышлі журналісты Мікола Маркевіч і Анджэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты Выборчай». Яны хацелі пацікавіцца лёсам актывістаў, але самі былі затрыманымі. Праўда, неўзабаве міліцыянт, які гэта зрабіў — прапаршчык Афанасьеў - папрасіў у абодвух журналістаў прабачэньня і адпусьціў іх.
Пазьней усіх моладзевых актывістаў адпусьцілі, не складаючы пратаколаў. Пра гэта паведаміла Хрысьціна Марчук. Паводле яе, міліцыянты высьветлілі асобы затрыманых і вярнулі ім усе рэчы.
Нагадаем, некалькі дзён таму з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыі газэт «Наша Ніва» і «Народная воля» паступілі зьвесткі пра тое, што іх уключаць у падпісны каталёг і ў сыстэму распаўсюджваньня «Белсаюздруку» і яны будуць мець магчымасьць друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Мяркуецца, што дамовы з рэдакцыямі будуць заключанымі сёньня, 24 лістапада.