Яўген Афнагель: «Думаю, пачалася новая кампанія пераследу апазіцыі»
- 24.11.2008, 12:30
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель сёння быў дапытаны ва УУС Савецкага раёна Менска ў межах крымінальнай справы.
Нагадаем, што на днях апазіцыянер атрымаў позву, у якой гаворыцца, што ён павінен з'явіцца ў Савецкі РУУС «для правядзення следчых дзеянняў». Такія ж позвы атрымалі бацькі актывіста «Еўрапейскай Беларусі». Прычым у позвах не паведамлялася, у межах якой крымінальнай справы збіраюцца дапытваць сям'ю Афнагелей.
Сёння ва УУС Савецкага раёна следчы Адзінец заявіла Яўгену Афнагелю, што яго выклікалі на допыт у сувязі з расследаваннем крымінальнай справы аб здзяйсненні крадзяжу. Нібыта адзін са сведак (непаўнагадовы) апазнаў апазіцыянера як чалавека, які мог быць датычны да злачынства.
Яўген Афнагель растлумачыў міліцыянтам, што 16 красавіка, калі адбылося злачынства, ён знаходзіўся каля суда Цэнтральнага раёна Менска, дзе ў гэты дзень пачаўся знакаміты «Працэс 14-ці» над удзельнікамі акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Нагадаем, што тады ля суда праходзілі акцыі салідарнасці з падсуднымі. Сведак таго, што актывіст «Еўрапейскай Беларусі» правёў практычна ўвесь дзень ля суда – велізарная колькасць.
На пытанне, навошта на допыт выклікалі яго бацькоў, Яўген Афнагель атрымаў дзіўны адказ: следчы сцвярджала, што міліцыя на працягу паловы года не магла яго знайсці, а таму вырашылі выклікаць бацькоў.
Напрыканцы допыту следчы Адзінец заявіла, што магчыма ў яго «яшчэ будуць пытанні» да апазіцыянера.
«Я у выпадковасці не веру, думаю, што гэтая праява так званай «лібералізацыі». Думаю, пачалася новая кампанія пераследу апазіцыі. Замест палітычных спраў цяпер супраць апазіцыянераў, магчыма, будуць заводзіць крымінальныя справы, нібыта не звязаныя з палітыкай. Каб потым казаць, што гэта «звычайныя злачынцы», а не палітвязні», -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Яўген Афнагель.