Кіраўніцтва БАЖ сустрэлася з ідэолагам адміністрацыі Лукашэнкі
- 27.11.2008, 8:52
Вяртанне недзяржаўнай прэсы ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду і прымяненне заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам сталі тэмамі размовы кіраўніцтва БАЖ з начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі.
Сустрэча адбылася з ініцыятывы ГА «БАЖ» 26 лістапада і доўжылася больш за гадзіну. Як распавялі яе ўдзельнікі — старшыня арганізацыі Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец, гутарка тычылася таксама акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных медыя, ператрусаў 27 сакавіка, доступу журналістаў да інфармацыі з афіцыйных крыніц, узроўню журналісцкай адукацыі ў Беларусі, рэгулявання Інтэрнету і адпаведнасці беларускага заканадаўства ў галіне СМІ міжнародным стандартам.
У. Янчэўскі задаваў шмат дадатковых пытанняў. Яго, у прыватнасці, цікавілі затрыманне часопіса «Arche» (у кантэксце размовы пра практыку прымянення закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»), умовы працы рэгіянальных газет, прафесійны ўзровень журналістаў. БАЖ акцэнтаваў увагу на неабходнасці вяртання ўсіх незалежных СМІ ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду.
На просьбу прэс-службы БАЖ Ж. Літвіна і А. Бастунец падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы:
«Ва ўсялякім разе, упершыню за апошняе дзесяцігоддзе нас выслухоўвалі. Канешне, мы не атрымалі гарантый, што ўсе нашы прыярытэтныя праблемы будуць зараз вырашаныя. Але колькасць пытанняў і праяўленая суразмоўцам зацікаўленасць даюць надзею на пэўныя зрухі», -- паведаміла Жанна Літвіна.
«Як бы мы да гэтага ні ставіліся, сёння вялікая колькасць пытанняў вырашаецца (ці не вырашаецца) менавіта ў Адміністрацыі прэзідэнта. Мы павінны выкарыстоўваць усе магчымыя рычагі ўздзеяння на сітуацыю. Сёння мы змаглі акцэнтаваць увагу на тых праблемах, якія лічым найбольш актуальнымі, і нас уважліва выслухалі. З'явіўся спадзеў, што размовай справа не абмяжуецца», -- сказаў Андрэй Бастунец.
Спробы сустрэцца з прадстаўнікамі прэзідэнцкай адміністрацыі БАЖ прадпрымаў з верасня. Паводле Ж. Літвіной, 16-м верасня быў датаваны першы пісьмовы зварот да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея з прапановай аб сустрэчы і выкладаннем галоўных праблем незалежных СМІ. Не атрымаўшы адказу на гэты зварот, БАЖ паўторна звярнуўся ў адміністрацыю, дадаўшы да звароту ліст, падпісаны рэдактарамі 12 недзяржаўных выданняў. На мінулым тыдні была нарэшце дасягнутая дамоўленасць аб сустрэчы з кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі.