Невыязнога апазыцыянера памежнікі не пускалі ў Беларусь
- 27.11.2008, 12:22
На беларуска-украінскай мяжы з цягніка Кіеў–Менск беларускія памежнікі высадзілі дэмакратычнага актывіста Юрася Карэтнікава.
Актывіста затрымалі на мяжы пры праверцы дакументаў, бо ён уваходзіць у складзены спецслужбамі спіс асобаў, якім забаронена выязджаць з Беларусі. Юрась Карэтнікаў быў падазраваны ў нібыта датычнасці да менскага выбуху ў ноч на 4 ліпеня гэтага году. Аднак на дадзены момант актывіст вяртаўся на радзіму, і ніякіх законных падстаў для затрымання ў памежнікаў не было, паведамляе сайт milinkevich.org.
Па словах Юрася Карэтнікава, памежнікі разумелі абсурднасць сітуацыі, але мусілі чакаць распараджэння з Менску.
“Яны самі казалі, што ня маюць права забараняць ехаць у Беларусь, але чакалі рашэння вышэйшага начальства. Каманды з Менску доўга не паступала, а цягнік далей трымаць было нельга, і мяне высадзілі. Толькі потым паступіла каманда мяне вызваліць. Я рэшту ночы бадзяўся па станцыі і раніцай сеў на цягнік Адэса–Менск. Давялося таксама за свае грошы ў Гомелі набываць квіток”, – распавядае дэмактывіст.
Юрась Карэтнікаў лічыць, што сталічнае начальства марудзіла з рашэннем наўмысна, каб стварыць яму такім чынам дадатковыя нязручнасці, у нейкім сэнсе, адпомсціць. Актывіст не ўпершыню адкрыта вяртаецца ў Беларусь, а выязджае з яе абходнымі шляхамі, бо значыцца ў спісах невыездных.. Магчыма, гэта выклікала раздражненне ў спецслужбоўцаў.
Па словах Юрася Карэтнікава, памежнікі перапрашалі яго, бо самі былі збянтэжанымі.
“Вы ня першы, каго такім чынам затрымліваюць, але першы, каго здымаюць з цягніка”, - казалі яны.