BE RU EN

Намесьнік дзяржсакратара ЗША размаўляў пра лёс Зэльцэра з кіраўніком МЗС Беларусі

  • 27.11.2008, 16:58

Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША працягваюць дамагацца датэрміновага вызваленьня амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, асуджанага беларускім судом на 3 гады зьняволеньня нібыта за камэрцыйны шпіянаж супраць Беларусі.

“Мне вядома, што першы намесьнік дзяржсакратара Кандалізы Райс Дэніэл Фрыд размаўляў адносна вызваленьня Эмануіла з Сяргеем Мартынавым, вашым міністрам замежных спраў. Гэта было два дні таму. Пра што яны дакладна дамовіліся, мне невядома. Але мяркую, што калі беларускія ўлады плянуюць паляпшаць адносіны з Захадам, то без ЗША гэтага не атрымаецца. Але дакладна зразумець, што ў Менску адбываецца, адсюль вельмі цяжка”, — заявіў “Радыё Свабода” Марк Зэльцэр, брат зьняволеннага.

Ён прасіў беларускія ўлады пакласьці ягонага брата Эмануіла Зэльцэра на лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, дзе ўмовы лепшыя, але гэтая просьба не была выкананая, перадае “Радыё Свабода”.

Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе і расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які цяпер жыве ў Лёндане. Барыс Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да арышту Зэльцэра.

Нагадаем, сёньня адвакату Зьмітру Гарачку дазволілі наведаць Эмануіла Зэльцэра ў мэдычнай частцы магілёўскай калёніі № 15, куды амэрыканца паклалі адразу пасьля этапу зь Менску з-за рэзкага пагаршэньня здароўя.

“Раз знаходзіцца ў шпіталі, то здароўе лепшым ня стала. Даюць яму таблеткі, лечаць як могуць, але ўсё пакуль па-ранейшаму. Кажуць, што яшчэ будуць трымаць у шпіталі”. – кажа адвакат.

Эмануіл Зэльцэр, які мае шэраг хранічных захворваньняў, патрапіў у шпіталь з падвышаным ціскам. Першыя дні яму ставілі кропельніцу, потым дазволілі карыстацца лекамі, якія перадалі супрацоўнікі амбасады ЗША.

“Ён казаў, што да абеду ня можа хадзіць, бо баляць ногі”, — распавядаў пра Зэльцэра Зьміцер Гарачка. Паводле адваката, цяпер ягоны падабаронны падымаецца з ложка, але зь вялікай цяжкасьцю.

У панядзелак, 1 сьнежня, Зьміцер Гарачка плянуе зноў наведаць у магілёўскай турме Эмануіла Зэльцэра і перадаць яму неабходныя рэчы, кнігі і тэлевізар.

Апошнія навіны