BE RU EN

Нямецкія праваабаронцы – Меркель: «Дыктатар павінен ведаць аб рашучасці дэмакратычнай Еўропы»

  • 28.11.2008, 10:48

Праваабарончы рух «Berliner Aktion «Demokratie in Europa» звярнуўся да канцлера Германіі Ангелы Меркель з заклікам дамагчыся вызвалення палітвязняў у Беларусі.

Ліст быў таксама адпраўлены віцэ-канцлеру, міністру замежных спраў Германіі Франку-Вальтэру Штайнмайеру і ў рэдакцыю часопіса «Шпігель».

Копію ліста праваабаронцы таксама даслалі ў прэс-цэнтр Хартыі’97:

«Глыбокапаважаная канцлер спадарыня Меркель,

Глыбокапаважаны міністр замежных спраў спадар Штайнмайер,

Глыбокапаважаная рэдакцыя часопіса «Шпігель»

Наша асаблівая цікавасць звязаная з Беларуссю, таму мы сёння звяртаемся да Вас з просьбай, неадкладна паўплываць на ўрад Беларусі з патрабаваннем вызваліць 20-гадовага актывіста Аляксандра Баразенку, роўна як і астатніх палітвязняў Рэспублікі Беларусь.

Мы цвёрда верым у прынцыпы дэмакратыі і ў тое, што народ Германіі і наш урад не толькі гатовыя, але і здольныя рэальна ўмацоўваць гэтыя прынцыпы ва ўсёй Еўропе. Кіруючы краінай дыктатар і ягоны ўрад павінныя ведаць аб рашучасці дэмакратычнай Еўропы на самыя цвёрдыя меры па абароне дэмакратыі!

Зараз факты па сутнасці справы Аляксандра Баразенкі:

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны ў Менску 27.10.2008. Ён з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай ў адносінах удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Да моманту следства над 13 абвінавачванымі апазіцыянерамі, Аляксандр Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, і дзе ён - пасля выключэння з універсітэта ў Менску за ягоныя палітычныя погляды, працягваў вучобу. Тое, што яго хочуць прыцягнуць да «адказнасці» па «справе 14-ці», ён даведаўся ад сваіх сяброў і з інтэрнэту. Калі 27.10.2008 Аляксандр Баразенка ў суправаджэнні свайго адваката прыйшоў да следчага, ён быў арыштаваны. Цікавы пры гэтым той факт, што арышт адбыўся непасрэдна пасля таго, як былі адмененыя санкцыі на ўезд у ЕЗ 40 высокапастаўленым чыноўнікам беларускага рэжыма. Да пачатку працэса над Аляксандрам Баразенкай яго ўтрымоўваюць у следчым ізалятары. Ягонаму адвакату не дазваляюць сустрэцца з падабаронным. Тыдзень Аляксандр Баразенка праводзіў у турме палітычную галадоўку.

Судовае паседжанне прызначанае на панядзелак, 8 снежня, у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Судзіць актывіста будзе суддзя Наталля Вайтэховіч, якая даўно «вядомая» сваімі шматлікімі прысудамі супраць актывістаў апазіцыі. У выпадку прызнання Аляксандра «вінаватым», яму пагражае турэмнае зняволенне да 3 год.

Мы прыводзім Вам тэкст адкрытага ліста Аляксандра Баразенкі з турмы:

Ліст палітвязня: «Галоўнае – верыць і не здавацца»

«Я доўга спрабаваў зразумець, чаму так адбылося. І галоўнае, для чаго?

Магчыма для таго, каб больш нічога не баяцца, быць гатовым да ўсяго. Такія выпрабаванні даюцца нам не проста так. Чалавеку, які прайшоў праз увесь гэты горан цяжкасцяў, ужо няма чаго баяцца. Калі ён вытрымае – стане нястрымны і даможацца жаданага. Чалавек, як галінка ў лесе: тыя, што ламаюцца лёгка – гнілыя і дрэнна гараць, а тыя, што не перасекчы і абухом сякеры – сваім полымем сагрэюць у самай халодную ноч.

Магчыма, каб даць нам усім кавалачак надзеі, можа нават стаць для кагосьці прыкладам. Цяпер важна не апусціць рукі. Трэба паказаць, што мы не стомленыя, што нас не запалохаць! І гэта павінен зрабіць кожны з нас. Кожны павінен здзейсніць маленькі подзвіг – перамагчы свой страх, сваю апатыю. Надыйшоў час напоўніць слова «свабода» сілай… сілай нашага з вамі духу. Бо кожная літара гэтага слова мёртвая, калі яно не жыве ў нашых сэрцах.

Магчыма, для таго, каб завяршыць пачатае.

Магчыма, таму, што з дзяцінства вучылі мяне паступаць па сумленні.

Магчыма, таму, што вельмі люблю сваю краіну і свой народ…

Магчыма, проста каб шматлікае зразумець і пераасэнсаваць. Зразумець, наколькі я не самотны, наколькі дарагія мне любімыя людзі. Зразумець, што ўсё будзе добра! Разам мы ўсё пераадолеем і абавязкова даможамся свайго. Галоўнае – верыць і не здавацца! Што бы ні адбылося…

Трэба ўсведамляць: боль – гэта заклік да асалоды, страх – заклік да мужнасці, бяссілле – заклік да сілы, слабасць – заклік да волі.

«Не бойцеся!» (з) Ян Павел II

Ніколі не здавайцеся і не губляйце сілы духу! Заўсёды з вамі! Жыве Беларусь!!!

Аляксандр Баразенка»

Калі ласка, зрабіце ЎСЁ, што ў Вашай уладзе, каб дапамагчы гэтаму мужнаму чалавеку, які нічога іншага не жадае, акрамя перспектывы жыць у дэмакратычным грамадстве, вызваленым ад гвалту»

Апошнія навіны