Грамадзяніна ЗША Зэльцэра пазбавілі права на абарону
- 3.11.2008, 12:14
Асуджанаму ў Беларусі грамадзяніну ЗША Эмануілу Зэльцэру не выдаюць на рукі копію прысуду суда, што робіць немагчымым яго наступнае абскарджанне.
Аб гэтым паведаміў «Інтэрфаксу» адвакат Зэльцэра Зміцер Гарачка. «Ужо каля 3 месяцаў мы не можам атрымаць на рукі копію прысуду Менскага гарадскога суда. Гэта робіць немагчымым па фармальных прычынах падаць наглядную скаргу», -- адзначыў адвакат.
Па ягоных словах, «калі б Менскі гарадскі суд выдаў копію прысуду, можна было б звярнуцца да старшыні Вярхоўнага суда Беларусі альбо да генеральнага пракурора. Але без копіі прысуду гэтага зрабіць нельга. Па сутнасці, Зэльцэра пазбавілі права на абарону».
Адвакат адзначыў, што ён «неаднаразова звяртаўся ў Менскі гарадскі суд з просьбамі выдаць копію прысуду Э.Зэльцэра, але матываванага адказу не атрымаў». Пры гэтым З.Гарачка падкрэсліў, што «у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі няма нормы аб тым, што асуджаны не мае права атрымліваць копію прысуду на рукі, нават калі судовы працэс быў закрытым».
З.Гарачка заявіў таксама, што ягоны падабаронны «лічыць вынесены яму прысуд незаконным і шкадуе, што не можа яго абскардзіць». «Калі б была магчымасць абскардзіць прысуд, то Э.Зэльцэр, як грамадзянін іншай дзяржавы, звярнуўся бы не толькі ў беларускі суд», адзначыў З.Гарачка. «Па меркаванні майго падабароннага, фактычна ён асуджаны за прафесійную дзейнасць», дадаў З.Гарачка.
«Гэтую пазіцыю можна экстрапаляваць і на Брускову (Уладлена Брускова, яна жа Функ - сакратар Э.Зэльцэра, якая была затрыманая і асуджаная разам з ім - ІФ)», адзначыў суразмоўца.
Як раней паведамляла агенцтва, 11 жніўня 2008 года Э.Зэльцэр Менскім гарадскім судом быў прысуджаны да 3 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за камерцыйны шпіянаж і выкарыстанне падробленых дакументаў.
Разам з ім да 1 года пазбаўлення волі была прысуджаная і ягоная сакратар грамадзянка Расеі Ўладлена Функ за збор камерцыйнай інфармацыі і выкарыстанне падробленых дакументаў.
У мінулую пятніцу Вярхоўны суд Беларусі пакінуў дадзены прысуд у сіле, разгледзеў касацыйную скаргу на прысуд.
Эмануіл Зэльцэр і Ўладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка гэтага года ў Нацыянальным аэрапарту «Менск». 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Э.Зэльцэр быў прысуджаны да трох год пазбаўлення волі, У.Функ — да аднаго. Абодва настойваюць на сваёй невінаватасці.
Э.Зэльцэру таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія юрыст прымае апошнія 15 гадоў.
Першапачаткова паседжанне Вярхоўнага суда па разглядзе касацыйнай скаргі Зэльцэра было прызначанае на 26 верасня, аднак яго перанеслі, паколькі суду запатрабаваліся «дадатковыя дакументы». Як паведаміў БелаПАН адвакат Зміцер Гарачка, за дадатковымі дакументамі да яго ніхто не звяртаўся.
Улады ЗША дамагаюцца вызвалення Зэльцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі здароўе юрыста прыкметна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных ягоным доктарам прэпаратаў. У жніўні амбасада ЗША прадаставіла беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак яны не былі перададзеныя Э.Зэльцэру. Паміж тым належны медыцынскі дагляд за Зэльцэрам названы адной з ключавых умоваў нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносін.
Адвакацкая фірма Patton Boggs, кліентам якой з'яўляецца Э.Зэльцэр, звярнулася ў Міжнародны валютны фонд з заклікам не выдаваць Беларусі рэзервны крэдыт, які запытвае беларускі Нацбанк, да таго часу, пакуль амерыканскі юрыст знаходзіцца ў турме. Аналагічны зварот накіравала ў МВФ праваабарончая арганізацыя «Фрыдам Хаўс».