BE RU EN

У Беларусі забаранілі слова «крызіс»

  • 3.11.2008, 15:00

Але ў тым, што крызіс падкасіў прадпрыемства «МАЗ-МАН» і проста МАЗ, сёння сумнявацца ўжо не прыходзіцца.

Крызісу ў Беларусі няма, пастанавіў на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка, фактычна забараніўшы гэтае слова ва ўжыванні сярод чыноўнікаў і кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў і банкаў.

З чыноўнікамі прасцей – ім, як андроідам, прыйшлося перазаліць новую прашыўку. Кіраўнікам прадпрыемстваў складаней - у афіцыйных каментарах яны аддаюць перавагу казаць, што ў іх «усё добра» і ёсць толькі «апасродкаваны ўплыў» крызісу, у прыватных гутарках крыху інакш, перадае АФН.

Прадстаўнікі банкаў афіцыйна ўсе як адзін сцвярджаюць, што праблемаў у банкаўскай сферы няма і толькі праз ізноў-ткі апасродкаваны ўплыў крызіс адбіўся толькі на павелічэнні ставак па крэдытах і больш строгім адборы крэдытаатрымальнікаў. У неафіцыйных размовах па-за тэрыторыяй банка і не па мабільнай сувязі сітуацыя вымалёўваецца ў некалькі іншым ракурсе.

Аднак нават афіцыйныя каментары становіцца даваць усё цяжэй. Так, дырэктар СП ЗАТ «МАЗ-МАН» А.Картыннік на сустрэчы з журналістамі Associated Press, Bloomberg, Financial Times, Reuters, Handelsblatt (тур зладзіла адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі) прызнаў, што маркетынг прадпрыемства адзначае ўзрослую колькасць скаргаў кліентаў на высокія адсоткавыя стаўкі банкаў па крэдытах на набыццё тэхнікі і такія ж высокія стаўкі па лізінгу, што стрымлівае рост колькасці замоваў.

У гэтай сувязі А.Картыннік не выключыў абвастрэнне канкурэнцыі як на ўнутраным рынку Беларусі, так і на рынку Расеі, паколькі гэтыя рынкі практычна не маюць тарыфнай абароны.

Разам з тым, кіраўнік сумеснага прадпрыемства сцвярджае, што «МАЗ-МАН» пакуль не адчувае прыкметнага ўплыву сусветнага фінансавага крызісу на дзейнасць прадпрыемства.

Калі няма росту замоваў, дык як можна не адчуваць уплыву крызісу? Але славесныя каламбуры А.Картынніка цалкам зразумелыя – ён даваў афіцыйны каментар, і прызнацца ў тым, што ў сумеснага прадпрыемства прыкметна скараціліся замовы, не меў права. Занадта ўжо вялікая так званая сацыяльная адказнасць беларускага бізнэсу.

Аднак, у тым, што крызіс падкасіў «МАЗ-МАН» і проста МАЗ, сёння сумнявацца ўжо не прыходзіцца. Дастаткова толькі ўзгадаць вялікую колькасць навінаў аб скарачэнні вытворчасці на расейскіх прадпрыемствах машынабудавання.

А беларускія навіны, мяркуючы па інфармацыі, якая маецца, такія. Беларускі БелАЗ пазбавіўся за апошні час 70% замоваў на пастаўку вялікагрузных грузавікоў у Расею. Гэта значыць гаворка ідзе не аб прагнозе прадажаў на будучыя перыяды – 70% пакупнікоў папросту анулявалі ўжо зробленыя замовы.

Менскі маторны завод, які яшчэ пару месяцаў таму не меў праблемаў са збытам сваёй прадукцыі, сёння прызвычайваецца да таго, што яму прыйдзецца выжываць ва ўмовах паніжэння расейскіх замоваў (асноўны рынак збыту) прыкладна 30%. І гэта сёння, а што будзе заўтра?

Між тым, аб'ектыўныя цяжкасці беларускіх прадпрыемстваў не знаходзяць разумення ў чыноўнікаў з беларускага ўрада. Так той жа ММЗ у няпростых умовах крызісу звярнуўся ва ўрад з просьбай аказаць садзейнічанне ў дамоўленасці з МТЗ, каб апошні працягнуў даваць свой ліцейня цэх для патрэбаў ММЗ (абодва прадпрыемствы – дзяржаўныя). Але ўсё скончылася выключна па-беларуску – урад даў указанне ММЗ арганізаваць сваю ўласную ліцейную вытворчасць.

Пры гэтым на якім рынку ММЗ ва ўмовах крызісу павінен знайсці інвестыцыі, колькі яшчэ форумаў акрамя Лонданскага і ў якіх пунктах планеты прадстаўнікі маторнага заводу павінны наведаць, чыноўнікі, вядома, не патлумачылі.

Нафтапрадукты, нафтахімія, калій, мэбля, аўтсорсінг і т.д. Пералік галінаў, якія ў той ці іншай ступені закрануў бязлітасны крызіс, сёння куды больш даўгі. Праблема сёння не ў тым, што ўпарта хаваюць чыноўнікі, а ў тым, што яны на самой справе паняцця не маюць, што можна зрабіць ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай і сацыяльна-накіраванай эканомікі.

Адзінае, на што здольны сёння ўрад, дык гэта без стомы паўтараць фразу, якая стала папулярнай, «Крызіс аказаў толькі апасродкаваны ўплыў на эканоміку Беларусі». Дакладней, была папулярнай – слова «крызіс» у Беларусі забароненае вусным распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Апошнія навіны