BE RU EN

Амерыканца Зельцэра пазбавілі ў беларускай турме лекаў і цёплых рэчаў (Відэа)

  • 4.11.2008, 17:52

Амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра перавялі ў ізалятар на вуліцы Валадарскага, пакінуўшы яго без неабходных лекаў і цёплых рэчаў.

Нагадаем, сёння грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр і яго сакратарка Уладлена Функ, грамадзянка Расеі, былі пераведзеныя са следчага ізалятара КДБ у СІЗА № 1 ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паводле словаў адваката Дзмітрыя Гарачкі, стан здароўя Эмануіла Зельцэра па-ранейшаму цяжкі.

«Лекаў у яго няма. Акрамя таго, я не паспеў перадаць яму цёплыя рэчы», — сказаў ён.

Эмануіл Зельцэр і Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка гэтага года ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Э.Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, У.Функ — да аднаго. Абодва настойваюць на сваёй невінаватасці.

Э.Зельцэру таксама інкрымінавалася кантрабанда наркатычных сродкаў. Аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія юрыст прымае апошнія 15 гадоў.

Улады ЗША дамагаюцца вызвалення Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі здароўе юрыста прыкметна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных урачом, які яго лечыць, прэпаратаў. У жніўні амбасада ЗША перадала беларускім уладам усе неабходныя лекі, аднак яны не былі перададзеныя Э.Зельцэру. Між тым належны медыцынскі догляд за Зельцэрам названы адной з ключавых умоваў нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносінаў.

Адвакацкая фірма Patton Boggs, кліентам якой з'яўляецца Э.Зельцэр, звярнулася ў Міжнародны валютны фонд з заклікам не выдаваць Беларусі рэзервовы крэдыт, які просіць беларускі Нацбанк, да таго часу, пакуль амерыканскі юрыст знаходзіцца ў турме. Аналагічны зварот накіравала ў МВФ праваабарончая арганізацыя «Фрыдам Хаўс».

Апошнія навіны