Барадзін: «Лукашэнка мае намер істотна змяніць парадак дня паседжання савета «саюзнай дзяржавы»
- 6.11.2008, 14:47
Парадак дня паседжання Вышэйшага Дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, якое мае адбыцца у канцы цяперашняга года, будзе істотна зменены. Аб гэтым паведаміў журналістам дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Павал Барадзін пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
"Мы вельмі падрабязна абмеркавалі пытанне аб неабходнасці ўнясення істотных зменаў у парадак дня паседжання, якое мае адбыцца. Парадак будзе дастаткова шчыльным", - цытуе заяву Барадзіна "Интерфакс".
Падчас сустрэчы, паінфармаваў Барадзін, былі абмеркаваныя пытанні, датычныя развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў межах «саюзнай дзяржавы». "Па выніках цяперашняга года таваразварот паміж Беларуссю і Расеяй перавысіць 30 мільярдаў даляраў. Гэта знакавы рост", - сказаў дзяржсакратар.
Паводле яго словаў, на сустрэчы таксама ўзнімаліся пытанні, датычныя разгляду на паседжанні, якое мае адбыцца, ВДС ваенна-тэхнічнага, знешнепалітычнага супрацоўніцтва.
"Абмеркаваныя таксама пытанні выканання рашэнняў Вышэйшага Дзяржсавета", - сказаў Барадзін. Паводле яго словаў, Лукашэнка падтрымаў намер выразна паставіць пытанні перад камісіямі па канстытуцыйным акце, адзінаму аплатнаму сродку, адзінай коштавай палітыцы, паліўна-энергетычнаму балансу, балансу сельскагаспадарчай прадукцыі.
Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні «саюзнага» бюджэту.
"Як вы ведаеце, у наступным годзе «саюзны» бюджэт перавысіць 5 мільярдаў расейскіх рублёў. Рост бюджэту на 20% - гэта знакавы рост", - заявіў дзяржсакратар.