BE RU EN

ЗША заклікаюць улады Беларусі вызваліць Зэльцэра: ён можа памерці ў турме

  • 11.12.2008, 8:57

Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць улады Беларусі вызваліць з меркаванняў гуманнасці амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента ЗША.

У ім адзначаецца, што супрацоўнікі амерыканскай амбасады ў Беларусі ізноў наведалі Зэльцэра 19 лістапада, калі яго даставілі з Менска ў калонію горада Магілёва. "Турэмны лекар назваў стан здароўя Зэльцэра здавальняючым", хаця той прыбыў на месца з высокім ціскам і неадкладна быў змешчаны ў турэмную лякарню, дзе і застаецца дагэтуль", - вядзецца ў дакуменце. У ім падкрэсліваецца, што "Зэльцэр працягвае пакутваць ад хранічных боляў у спіне і ў нагах, а падвышаны ціск выклікае сур'ёзныя асцярогі".

У дзярждэпартаменце паведамілі, што "амбасада ЗША накіравала запыты аб тым, каб Зэльцэра агледзеў незалежны лекар і было прызначанае лячэнне ў звычайнай лякарні". Адзначаецца, што "у абедзвюх просьбах беларускія ўлады адмовілі, спаслаўшыся на тое, што яму прадастаўленыя ўсе неабходныя ўмовы", з чым амерыканскі бок выказаў нязгоду.

"Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады да таго, каб яны выпусцілі Зэльцэра па меркаваннях гуманнасці, пакуль сітуацыя не прыняла незваротны характар", - падкрэслілі ў дзярждэпартаменце.

Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратар Уладлена Функ былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі гарадскі суд прысудзіў Э.Зэльцэра да трох год пазбаўлення волі нібыта за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. Ягоная сакратар была прысуджаная да аднаго году пазбаўлення волі. 31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў гэты прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы па дадзенай справе праходзілі ў закрытым рэжыме.

Зэльцэр з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея, які ў сваю чаргу з'яўляецца далёкім сваяком грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі. Амерыканскія ўлады дамагаюцца вызвалення асуджанага на гуманітарных падставах, паколькі ягонае здароўе моцна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных ягоным урачом лекаў. Консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным. Па ейных словах, Зэльцэр паведаміў, што «на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі».

Апошнія навіны