На сесію «саюзнага» парламента прыехалі прадстаўнікі непрызнаных ПА і Абхазіі
- 16.12.2008, 11:12
На сесіі «парламенцкага сходу» Беларусі і Расеі, якая праходзіць сёння ў Менску, прысутнічаюць кіраўнікі парламентаў непрызнаных рэспублік Паўднёвая Асеція і Абхазія.
У пачатку паседжання старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расеі, кіраўнік "парламенцкага сходу" Беларусі і Расеі Барыс Грызлоў прапанаваў увесці такую норму заканадаўчага рэгулявання ў "саюзныя" адносіны як дэкрэт Вышэйшага Дзяржсавета "саюзнай дзяржавы", піша "Інтэрфакс".
"Прапаноўваю ўвесці дэкрэт Вышэйшага Дзяржсавета як вышэйшую норму заканадаўчага рэгулявання", - заявіў Б.Грызлоў у Менску, распачынаючы сесію "парламенцкага сходу" Беларусі і Расеі.
Кіраўнік "парламенцкага сходу" выказаўся за неабходнасць распрацоўкі праекту дэкрэту аб новым парадку фарміравання і выкарыстання бюджэту "саюзнай дзяржавы".
"Сыходзячы год пакінуў прыкметны след у "саюзным" будаўніцтве, вырашаныя шматлікія пытанні фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, захавання ўстойлівасці нацыянальных эканомік у перыяд сусветнай фінансавай нестабільнасці", - заявіў Б.Грызлоў.
Кіраўнік Дзярждумы сярод найважных дасягненняў "саюзнага будаўніцтва" за мінулы год адзначыў выпрацоўку сацыяльнага пакета, які забяспечвае свабоду перасоўвання, працаўладкавання ў "саюзнай дзяржаве", і ўмацаванне гаспадарчых і гандлёвых сувязяў.
На сесіі "парламенцкага сходу" прысутнічаюць кіраўнікі парламентаў непрызнаных рэспублік Паўднёвая Асеція і Абхазія.