BE RU EN

Гары Паганяйла: Карумпаваная ўся праваахоўная сыстэма

  • 17.12.2008, 9:39

Кампрамэтацыйныя зьвесткі ёсьць шмат на якіх чыноўнікаў, але да пары гэтага не агучваюць, лічыць праваабаронца Гары Паганяйла.

16 сьнежня была апублікавана інфармацыя пра арышт былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, абвінавачанага ў службовых злоўжываньнях. Але ў пракуратуры Беларусі прызналі, што Міхаіл Сьнягір быў арыштаваны яшчэ 12 сьнежня, перадае «Радыё Свабода».

Прычыны затрымкі кіраўнік прэсавай службы пракуратуры Генадзь Вярцінскі не патлумачыў.

«Сёньня, калі прыйшла гэтая інфармацыя, я яе не трымаў, а адразу ж і агучыў», — сказаў Генадзь Вярцінскі.

Зьвесткі пра тое, што Міхаіла Сьнегіра адразу пасьля арышту нібыта паклалі ў турэмны шпіталь з-за дрэннага стану здароўя, кіраўнік прэсавай службы пракуратуры не пракамэнтаваў.

У пракуратуры ня кажуць, якога дакладна эпізоду тычыцца абвінавачаньне ў службовым злоўжываньні, што выстаўлена былому пракурору Менскай вобласьці: адносна кватэры ў Менску, загараднага катэджу ці абодвух эпізодаў разам.

Былы судзьдзя Гары Паганяйла згадаў, што да прызначэньня пракурорам Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір працаваў намесьнікам генэральнага пракурора, і абодва эпізоды прыпадаюць якраз на той час.

«У гэтым ведамстве, якое абавязана змагацца з карупцыяй, ёсьць і свая служба, якая павінна наглядаць за супрацоўнікамі. Дык калі карупцыю сярод пракурораў выяўляе ня гэтая служба, а зь іншых ведамстваў, то я задумваюся: наколькі ж карумпаваная ўся праваахоўная сыстэма? Што, рангам ніжэйшыя пракуроры гэтым не займаюцца?» – зазначыў праваабаронца.

Гары Паганяйла мяркуе, што кампрамэтацыйныя зьвесткі ёсьць шмат на якіх чыноўнікаў, але да пары гэтых зьвестак не выкарыстоўваюць.

«Відаць, канечне, ведалі, дакладалі, і гэта ляжала, пакуль дазвалялі. Але потым гаспадар ня вытрымаў і аддаў каманду», - лічыць экспэрт.

Паводле неафіцыйных зьвестак, справу Сьнегіра — Купрыянава расьсьледуе брыгада ў складзе 32 сьледчых. Яны таксама правяраюць законнасьць зробкаў вакол загараднага дому, які былы пракурор вобласьці нібыта будаваў на імя падстаўной асобы, даючы ёй грошы. Сьледчыя грунтуюцца на зьвестках, атрыманых супрацоўнікамі КДБ, якія сачылі за Сьнегіром і ягонымі сваякамі. Згодна з гэтымі зьвесткамі, менавіта ён адыграў у справе нэгатыўную ролю.

Нагадаем, 13 лістапада на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра прэтэнзіі адносна Міхаіла Сьнягіра: што той нібыта незаконна набыў кватэру ў элітным доме па цане, значна ніжэйшай за яе кошт у паўмільёна даляраў. Роля намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава зьвялася да таго, што ён нібыта ведаў пра справы абласнога пракурора і ўсяляк яму спрыяў.

Між тым Анатоль Зубоўскі, старшыня праўленьня швэдзка-беларускай кампаніі, якая валодала спрэчнай кватэрай, даслаў ліст, у якім сьцьвярджае, што Міхаіл Сьнягір цалкам разьлічыўся зь фірмай і заплаціў за кватэру 250 тысяч даляраў.

Міхаілу Сьнегіру пагражае 10 гадоў зьняволеньня.

Апошнія навіны