Рух «За свабоду» зарэгістраваны
- 17.12.2008, 15:54
Сёньня Міністэрства юстыцыі Беларусі перадало афіцыйнае пасьведчаньне аб рэгістрацыі «Руху «За свабоду» ягоным заяўнікам.
Рашэньне аб стварэньні грамадзкай арганізацыі было прынятае 23 кастрычніка сёлета ў Магілёве на ўстаноўчай канфэрэнцыі пры ўдзеле больш 70 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Канфэрэнцыя зацьвердзіла статут і сфармавала кіруючыя органы аб'яднаньня. Старшынём абраны Аляксандр Мілінкевіч. Яго намесьнікамі сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч.
Рух зарэгістравалі толькі з чацьвёртай спробы. У жніўні Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі праваабарончага асветніцкага грамадскага аб'яднання (ПАГА) "Рух "За Свабоду". Міністэрства аналізавала выступы і публічныя заявы Аляксандра Мілінкевіча і іншых прадстаўнікоў руху і прыйшло да высновы, што рэальныя мэты стварэння і дзейнасці аб'яднання не адпавядаюць заяўленым у статуце.
Тады гэтыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі суд адхіліў. Рашэнне аб адмове ў задавальненні скаргі засноўвалася на тым, што чалавек, які падаў юрыдычны адрас, няправільна аформіў дакументы на падаванне арганізацыі юрадраса.