Стыхійны мітынг бізнэсоўцаў ля гарвыканкаму ў Баранавічах
- 18.12.2008, 17:14
Сёньня ў Баранавічах ля будынку гарвыканкаму адбыўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў грамадзкі актывіст Мікола Чарнавус.
Больш за 400 гандляроў з усіх рынкаў Баранавічаў былі выкліканыя ў гарвыканкам на навучаньне-нараду з удзелам прадстаўнікоў гарвыканкама, падатковай інспэкцыі, санітарнай службы і мытні. У 15 гадзін 30 мінут чыноўнікі спынілі афіцыйную сустрэчу.
«Калі мы пачалі задаваць пытаньні, то нас выгналі з залі. Начальнік упраўленьня эканомікі Раіса Валасовіч выклікала міліцыю. Выгналі нас усіх. Стаім цяпер на вуліцы. Усе 400 чалавек. Падпісваем цяпер рэзалюцыю да Лукашэнкі», - кажа Мікола Чарнавус.
У рэзалюцыі стыхійнага мітынгу баранавіцкія прадпрымальнікі патрабуюць працягнуць і надалей працу з выплатай за ўвезены ў краіну тавар фіксаванага падатку на дадатковую вартасьць. Калі гэта ня будзе зроблена да 28 сьнежня — апошняга дня разьлікаў па падатках — прадпрымальнікі заяўляюць, што з Новага году распачнуць бестэрміновы страйк.
Нагадаем, 10 снежня ў Беларусі прайшоў папераджальны агульнанацыянальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізаваны аб'яднаннем «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва». 15 сьнежня ў Менску адбылася акцыя пратэсту прадпрымальнікаў пры удзеле некалькіх тысячаў чалавек.