BE RU EN

Мілінкевіч гатовы супрацоўнічаць з уладай

  • 19.12.2008, 14:19

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што дэмакратчная апазіцыя ў новых умовах можа пачаць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі дзеля захавання незалежнасці Беларусі.

Пра гэта ён заявіў ў Беластоку падчас сустрэчы са студэнтамі стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, паведамляе «Радыё Рацыя».

Сустрэча лідэра толькі што зарэгістраванага ў Беларусі руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча са студэнтамі-каліноўцамі праходзіла ў Беластоцкім унівэрсітэце. Цягам двух гадзінаў ён апавядаў пра новую палітычную сітуацыю ў Беларусі і адказваў на пытанні. Паводле Мілінкевіча, беларускія ўлады цяпер тэрмінова шукаюць выйсце з цяжкой эканамічнай сітуацыі і таму пачалі дыялог з Еўропай:

- У Беларусі такая сітуацыя, што ўлада мусіць тэрмінова шукаць нейкія выхады. Інакш і яна загіне, і Беларусь на няшчасце може загінуць ад таго, што столькі гадоў мы мелі такую эканамічную палітыку.

Аляксандр Мілінкевіч патлумачыў, што ён ніколі не быў прыхільнікам падыходу, чым горш сітуацыя ў краіне, тым лепш для апазіцыі. Бо, на яго думку, без знешняй дапамогі цяперашні палітычны рэжым ва ўмовах сусветнага крызісу можа даволі хутка абрынуцца. Але можа здарыцца так, што разам з уладай абрынецца ў бездань і сама Беларусь, чаго дапусціць нельга. І менавіта дзеля захавання незалежнасці Беларусі Мілінкевіч прапануе ўладам супрацоўніцтва:

- Я думаю, улада зацікаўленая ў тым, што яна зараз робіць. Яна зразумела, што калі гэтага не рабіць - то для іх смерць. Сёння Аляксандр Лукашэнка разумее, што калі мы аб'яднаемся з Расіяй, то ён, як мінімум, пойдзе на пенсію. У іх ёсць матывацыя рабіць гэтыя рэформы. Шчыра скажам, яны робяць гэтыя рэформы каб замацавацца ва ўладзе. Нашая зацікаўленасць мае іншыя прычыны. Але і мы, і яны зацікаўленыя ў тым каб Беларусь захавала свой суверэнітэт. І тут мы можам з імі супрацоўнічаць. Не трэба баяцца гэтага слова, бо гэта супрацоўніцтва не дзеля дыктатарскай улады. Гэта супрацоўніцтва дзеля таго, каб Беларусь не ўпала на калені.

Як вялікі падарунак лёсу Мілінкевіч разглядае магчымасць далучэння Беларусі да еўрапейскай палітыкі Ўсходняга партнёрства, бо гэта дае краіне магчымасць інтэгравацца ў Еўропу.

Апошнія навіны