ФСБ Расеі перадала Польшчы архівы па справе расстраляных у Катыні афіцэраў
- 19.12.2008, 15:47
Федэральная служба бяспекі Расеі перадала Польшчы дакументы, датычныя «катынскай справы», якія былі ў яе распараджэнні.
Дакументы датычаць расстрэлу войскамі НКУС 14 тысячаў палонных польскіх і беларускіх афіцэраў у 1940 годзе, перадае агенцтва «Интерфакс».
Аднак пры гэтым, як адзначыў начальнік Упраўлення рэгістрацыі і архіўных фондаў ФСБ Расеі генерал-лейтэнант Васіль Хрыстафораў, вялікая частка архіваў па падзеях у Катыні была знішчаная яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя.
Акрамя таго, паводле яго словаў, як адзінага цэлага архіва «катынскай справы» не існуе. Дакументы, якія наўпрост ці ўскосна датычаць расстрэлу польскіх афіцэраў, раскіданыя па самых розных архівах.
Польскія і беларускія афіцэры былі расстраляныя ўвесну 1940 года. Пад Смаленскам і яшчэ ў некалькіх месцах на тэрыторыі СССР было забіта каля 22 тысячаў польскіх вайскоўцаў, якія ўтрымліваліся ў лагерах і турмах НКУС. Паводле дадзеных рассакрэчаных у 1992 годзе дакументаў, звязаных з масавымі расстрэламі ваеннапалонных, вядома, што сярод забітых былі 14552 польскіх афіцэра і паліцыянтаў, узятых у палон Чырвонай арміяй у верасні 1939 года, а таксама 7305 арыштаваных, якія ўтрымліваліся ў турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі.
Справа аб расстрэле палонных польскіх і беларускіх афіцэраў пад Катынню была ўзбуджаная ў жніўні 1990 года, аднак у 2004 годзе Галоўная ваенная пракуратура вынесла рашэнне аб спыненні расследвання на той падставе, што вінаватыя ў расстрэле супрацоўнікі НКУС ужо памерлі.
22 траўня 2008 года сваякі катынскіх афіцэраў звярнуліся ў Хамоўніцкі суд Масквы з просьбай адмяніць рашэнне ГВП і рэабілітаваць расстраляных польскіх афіцэраў. Суд просьбу адхіліў. Пазоўнікі падалі апеляцыю у Масгарсуд, які, аднак, прызнаў законным рашэнне Хамоўніцкага суда. Сваякі загінулых накіравалі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) скаргу ў сувязі з адмовай расейскага боку задаволіць пазоў па справе аб рэабілітацыі палонных афіцэраў.