Сустрэчу «саюзнікаў» адмянілі, таму што Лукашэнка прасіў знізіць кошт на газ
- 2.12.2008, 11:04
Расейскія СМІ сцвярджаюць, што адмена вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» звязаная з тым, што беларускі бок у апошні момант вырашыў уносіць у позву паседжання пытанне кошту на газ.
Меркавалася, што Аляксандр Лукашэнка прыедзе ў Маскву 1 снежня. Аднак і візіт, і паседжанне Дзяржсавета адклаліся.
Афіцыйная фармулёўка: бакі не змаглі прыняць позву дня. Прычым, па адной версіі, з Менска пакуль няма адказаў на пастаўленыя пытанні. У асяроддзі Лукашэнкі хтосьці нават прапанаваў апублікаваць службовую перапіску аб падрыхтоўцы скандальнага паседжання. "Фармальна ініцыятарамі пераносу выступілі мы", - лёгка згаджаюцца высокапастаўленыя крыніцы "Известий" у Крамлі.
Аднак для таго, тлумачаць яны, былі больш чым важныя прычыны. Беларускі бок, сцвярджаюць суразмоўцы выдання, у апошні момант вырашыў ўносіць у позву паседжання пытанні, відавочна непрыдатныя для абмеркавання ў такім фармаце. Як, напрыклад, пытанне кошту на газ.
У бюджэце Беларусі на наступны год чамусьці закладзены кошт у $140 за тысячу кубаметраў. І гэта пры тым, што, па прагнозных адзнаках, у 2009 годзе ён будзе значна вышэйшым - у раёне $200. Мабыць, таму беларускі віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў і заявіў на днях, што Менск мае намер ініцыяваць перамовы аб паніжэнні кошту на газ з-за падзення коштаў на нафту. Вось і ініцыявалі.
"Ніякіх падставаў для перагляду дзейснага кантракту мы не бачны", - паведамілі ў панядзелак крыніцы "Известий" у "Газпраме". Гэты пяцігадовы кантракт кошт на газ для Беларусі ставіць у залежнасць ад сярэднееўрапейскай - з паніжальным каэфіцыентам. Так, па існуючай формуле разліку газавыя кошты сапраўды залежаць ад нафтавых, але на сярэднееўрапейскім кошце газу падзенне "чорнага золата" пакуль адбілася не вельмі моцна. Бо ў разлік бяруцца доўгатэрміновыя, за некалькі месяцаў, паказчыкі. Так што, рэзюмуюць у "Газпраме", Менску на нейкае дамоўнае паніжэнне кошту разлічваць не прыходзіцца - яно адбываецца аўтаматычна, па формуле, і, хутчэй за ўсё, Беларусь адчуе яго не раней за 2010 год.
У Крамлі, у сваю чаргу, нагадваюць: менавіта пад маючае адбыцца падвышэнне кошту на газ Беларусь папрасіла ў Расеі крэдыт у $1 мільярд. І ў сярэдзіне восені яго шчасна атрымала. Гэта значыць што, зараз і з мільярдам, і з паніжанымі коштамі? Плюс да ўсяго беларускі бок недвухсэнсоўна намякнуў, што гатовы ўзяць і яшчэ адзін крэдыт - роўна на такую жа суму.
Астатнія рознагалоссі - ужо хутчэй як следства. Лукашэнка, напрыклад, у апошнія дні вельмі настойліва паўтараў (пераважна ў інтэрв'ю еўрапейскім СМІ), што "саюзная дзяржава" павінная будавацца "на раўнапраўнай аснове". Гэта значыць, працягваюць эксперты, па прынцыпе "адна краіна, адзін голас". Але ў эканоміцы, напрыклад, раўнапраўем і не патыхае, а таму падобныя прынцыпы падаюцца Маскве як мінімум несправядлівымі. "Беларускі бок спрабаваў падмяніць бягучыя працоўныя перамовы палітызаваным падыходам, а мы не гатовыя яшчэ раз публічна тлумачыць, што нельга ставіць калёсы перад конямі" - так матывуюць прычыны пераносу паседжання крамлёўскія суразмоўцы.
Тое, што ў "саюзнай дзяржаве" на самой справе ніякага саюза няма, - даўно не сакрэт. Але цяпер усе крыўды ўсплылі на паверхню. У тым ліку і адносна свежая, звязаная з тым, што Беларусь (чытай - Лукашэнка) дагэтуль, нягледзячы на ўсе запэўненні, не заявіла аб прызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. "Вунь, Лаўроў яго колькі гадоў усюды абараняе, а ён..." - зрываюцца з дыпламатычных недамовак дыпламаты.
У панядзелак, пакуль дыпламаты з Масквы і Менска абменьваліся ўзаемнымі папрокамі, стала вядома аб тым, што прэм'ер Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве Балтыйскай трубаправоднай сістэмы-2 (БТС-2). Яна злучыць горад Унечу ў Бранскай вобласці з балтыйскім портам Усць-Луга. Мяркуецца, што па гэтай галіне можна будзе прапампоўваць да 50 млн тон у год. Арыентыровачныя тэрміны будаўніцтва - 18 месяцаў.
Ідэя стварэння БТС-2 паўстала ў момант самага вострага канфлікту паміж Расеяй і Беларуссю, калі ў пачаткі 2007 года Еўропа чатыры дні не атрымлівала расейскай нафты па нафтаправодзе "Дружба" з-за транзітных прэтэнзій беларускага боку. БТС-2 як раз з'яўляецца альтэрнатывай "Дружбе" - мяркуецца, што з яе дапамогай можна будзе пастаўляць нафту ў Еўропу ў абыход тэрыторыі Беларусі.