Пасля перамоваў Лукашэнкі і Мядзведзева кошт на газ застаўся таямніцай (Відэа)
- 22.12.2008, 16:39
Дзмітры Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся аб прынцыпах паставак і аплаты расейскага газу Беларусі ў 2009 годзе, паведаміла прэс-сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Наталля Цімакова па выніках перамоваў лідэраў двух краінаў.
"На перамовах дасягнутая дамоўленасць аб асноўных прынцыпах працы ў сферы паставак і аплаты газу Беларусі на наступны год", - сказала Цімакова.
Новы кошт на газ для Беларусі пакуль не паведамляецца. У першым квартале 2008 года для Менска кошт газу складаў 119,53 даляра за тысячу кубаметраў, у другім квартале - 127,9 даляра за тысячу кубоў.
"Па выніках перамоваў, якія прайшлі, быў вызначаны цалкам прымальны для беларускага боку кошт на газ, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі. — Былі прынятыя рашэнні па пытаннях, якія абмяркоўваліся, у тым ліку ў сферы бяспекі, якія атрымаюць сваё дакументальнае афармленне на запланаваным на канец студзеня 2009 года паседжанні Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы». Парадак дня ВДС прапанаваны беларускім бокам".
Паседжанне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» запланаванае на канец студзеня 2009 года.
Як паведаміла Расейская служба радыё «Свабода», Дзмітры Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка сёння дамовіліся ў Маскве не толькі аб прынцыпах паставак Менску расейскага газу і яго аплаты ў 2009 годзе. Таксама лідэры двух краінаў абмеркавалі пытанні эканамічнага і ваеннага супрацоўніцтва.
Нагадаем, што акрамя газавага пытання Аляксандр Лукашэнка збіраўся падняць на перамовах з Дзмітрыем Мядзведзевым тэму давання яго краіне чарговага крэдыту. Лукашэнка разлічвае атрымаць каля 100 мільярдаў расейскіх рублёў (каля 3,5 мільярдаў даляраў ЗША).
Раней расейскі бок пагадзіўся вылучыць Менску крэдыт у 2 мільярды даляраў. Палова гэтых сродкаў яшчэ ў лістападзе апынулася ў распараджэнні беларускіх уладаў.
Паводле звестак газеты "Коммерсант", Лукашэнка можа атрымаць станоўчы адказ, калі нарэшце прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і саступіць "Газпрому" кантрольны пакет акцыяў ААТ "Белтрансгаз".
http://www.ntv.ru/news/videoRub.swf?link=http://news.ntv.ru/v146967/&num=1