BE RU EN

Расея будзе прадаваць Беларусі газ па 160-170 даляраў?

  • 23.12.2008, 17:14

Кошт расейскага газу для Беларусі, які не абнародавалі Лукашэнка і Мядзведзеў, можа скласці 160-170 даляраў за тысячу кубаметраў.

Аб гэтым «Беларускім навінам» стала вядома ад інфармаванай расейскай крыніцы. Прычым такі кошт, удакладніў ён, будзе дзейнічаць толькі ў першым квартале наступнага года.

160 даляраў з'яўляецца максімальным коштам вартасці газу, на якую разлічваў беларускі ўрад. І яго атрымалася практычна адстаяць. Толькі вось якім коштам?

У найбліжэйшыя дні ў Маскву накіруецца дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам, каб канчаткова ўзгадніць і дакументальна аформіць газавыя дамоўленасці паміж Масквой і Менскам.

У прэс-службе кампаніі «Газпром» каментаваць кошт на газ адмовіліся. Там таксама не змаглі адказаць, ці будзе ён абвешчаны да канца цяперашняга года.

Дарэчы, спроба расейскіх журналістаў атрымаць афіцыйную інфармацыю аб учорашніх перамовах па газе таксама не ўвянчалася поспехам. Намеснік кіраўніка «Газпрома» Аляксандр Мядзведзеў у кулуарах Форума краінаў-экспарцёраў газу, які праходзіў ў Маскве 23 снежня, заявіў толькі, што «прынцыпы ўзгодненыя, дэталі будуць пазней».

Па думку расейскіх экспертаў, Расея і Беларусь дамовіліся пакуль не называць кошт на газ да таго часу, пакуль не будзе падпісаная дамова паміж Расеяй і Украінай.

Нагадаем, што па кантракце, падпісаным ў канцы 2006 года, сярэднегадавы кошт газу, які пастаўляецца ў Беларусь, на 2009-ы год разлічваўся на ўзроўні 140 даляраў за тысячу кубаметраў. Праўда, з улікам росту сусветных коштаў на нафту ў 2007 і 2008 гадах, да якіх прывязаная формула разліку кошту на газ, лічбы былі падкарэктаваныя ў бок павелічэння. І вось ужо на 2009-ы год кошт блакітнага паліва быў запланаваны ў 203 даляры. З гэтым не згаджаўся беларускі бок, заклікаючы прыбраць нафтавую прывязку. Афіцыйны Менск адстойваў на ўсіх перамовах суму ў 140 даляраў. Зыходзячы з яе, урад ужо сфармаваў і бюджэт на наступны год. Зараз яго ўсё ж прыйдзецца падкарэктаваць.

Між тым максімальны кошт, які вызначыў беларускі бок у перамовах з Масквой, складаў 160 даляраў. Аб гэтым згадаў намеснік міністра эканомікі Уладзімір Адашкевіч на прэс-канферэнцыі 11 снежня. «Мы разлічваем, што кошт газу павінен скласці не больш за 160 даляраў за 1 тыс. кубаметраў», — сказаў ён, дадаўшы: «Але мы разлічваем і на 140 даляраў».

Аб тым, што Беларусь будзе «ваяваць за 140 даляраў», заявіў у мінулую пятніцу першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. «Мы лічым, што, калі кошт на нафту ўпаў у 3,5-4 разы, гэта нонсэнс, калі кошт на газ будзе ўзнімацца», — прыводзіць яго слова «Интерфакс-Запад». Яшчэ адным дадатковым аргументам, па словах Сямашкі, з'яўляецца рашэнне расейскага ўрада падвышаць унутраныя кошты на газ не на 25%, як планавалася раней, а на 5%.

«Вайна» за 140 даляраў для беларускага ўрада, сапраўды, мела сэнс, улічваючы дэфіцыт валюты ў краіне. Бо страты бюджэту ад павелічэння кошту газу нават на 20 даляраў у першым квартале складуць парадку 110 млн. даляраў.

На думку эканаміста даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і мэнэджменту Аляксандра Чубрыка, ацэньваць адэкватнасць кошту газу для Беларусі праблематычна, пакуль не абвешчаны цэннік для Еўропы. «Калі Польшча і Нямеччына будуць купляць газ па 250 даляраў, дык кошт у 160 даляраў можна назваць блізкім да ўзгодненай бакамі формулы разліку кошту. Але тады не зразумела, за што ж біліся ўрады. Усё гэта можна было ўзгадніць у працоўным рэжыме, без удзелу кіраўнікоў дзяржаваў», — сказаў эксперт у інтэрв'ю «Беларускім навінам».

Адзначым, што формула разліку кошту на газ для Беларусі прывязаная да еўрапейскага кошту з улікам паніжальнага каэфіцыента. Паводле двухбаковых дамоўленасцяў, кошт газу для Беларусі ў 2009 годзе павінен скласці 80% ад сярэднееўрапейскага кошту за вылікам транспартных выдаткаў, у 2010 годзе — 90%. А да 2011 году Беларусь павінна выйсці на стоадсоткавую аплату еўрапейскага кошту на газ.

Нагадаем, што 22 снежня Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў на сустрэчы ў Крамлі ўзгаднілі кошт на газ, які пастаўляецца з Расеі ў Беларусь, на перыяд 2009 года. «Кошт гэты ўзгоднены на цалкам прымальных для Беларусі ўмовах», — заявіў прадстаўнік беларускай дэлегацыі на перамовах у Маскве, адмовіўшыся назваць якія-небудзь пэўныя лічбы.

У першым квартале 2008 года Беларусь купляла расейскі газ па 119 даляраў, з другога квартала кошт вызначаны на ўзроўні 127,9 даляра за 1 тыс. кубаметраў.

Апошнія навіны