BE RU EN

Спынілася Добруская папяровая фабрыка «Герой працы»

  • 24.12.2008, 15:00

Ад сёньняшняга дня спыніла вытворчасьць акцыянэрнае таварыства «Добруская папяровая фабрыка «Герой працы». Калектыў прадпрыемства, акрамя дзяжурных службаў, сыходзіць у адпачынак.

На фабрыцы цяпер працуе амаль 1200 чалавек. Нявыкарыстаны адпачынак альбо частку яго мае прыкладна траціна калектыву. Астатнія пойдуць у вымушаны адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацінаў заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў, перадае «Радыё Свабода».

«У водпускі ідзем. У каго які ёсьць водпуск, той ідзе. У мяне была частка адпачынку, дык я доўг забіраю. Увогуле, па-рознаму — як жадае працаўнік і што ў каго ёсьць», - кажа адна з працаўнічак фабрыкі.

Але калядна-навагоднія вакацыі «Героя працы» распачатыя зусім не ад добрага жыцьця. Зараз да гэтага спрычыніўся яшчэ і фінансавы крызіс, які істотна паўплываў на збыт папяровай прадукцыі.

Прадпрыемства спыняе вытворчасьць менавіта з-за праблемаў з экспартам прадукцыі, кажа намесьніца генэральнага дырэктара фабрыкі ў пытаньнях эканомікі Тацяна Цьвердакова.

«Спыняемся: няма спажыўцоў. На склад ня можам класьці прадукцыю, бо замарожваюцца абаротныя сродкі і ўсё іншае. Мы на экспарт адгружалі прадукцыю ва Ўкраіну й Расею. Цяпер Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі ў сувязі з абвалам курсу грыўны. А Расея — яны ж таксама на калядныя канікулы сыходзяць», -- тлумачыць Тацяна Цьвердакова.

Як стала вядома, адпачынкі й вакацыі будуць цягнуцца на папяровай фабрыцы да 12 студзеня новага году. Аднак ніхто не бярэцца цяпер прагназаваць, як зьменіцца сытуацыя да таго часу.

Папяровая фабрыка ў Добрушы заснаваная яшчэ ў 1870 годзе. Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, якое дае асноўную частку паступленьняў у мясцовы бюджэт. Сярод прадукцыі — школьныя й агульныя сшыткі, блякноты, папера для пісьма, маляваньня й чарчэньня.

Тут засвоена тэхналёгія вырабу паперы з адкідаў вытворчасьці “тэтра-пак” і лямінаванага кардону. Сёлета фабрыка пачала выпускаць прадукцыю з тэрмапаперы, у тым ліку паперу для факсаў, стужкі для тэрміналаў і банкаматаў.

Два гады таму 130 рабочых і спэцыялістаў “Героя працы” напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Працаўнікоў не задавальнялі ўзровень заробкаў, умовы працы, забесьпячэньне спэцвопраткай, а таксама абыякавае стаўленьне прафсаюзу да праблемаў рабочых.

Тады канфлікт удалося залагодзіць шэрагам саступак калектыву й абяцаньнем перайсьці на выпуск прадукцыі не з дарагой расейскай цэлюлёзы, а з айчыннай макулятуры — каб выходзіць на рынкі суседніх краінаў з прывабнымі коштамі.

Апошнія навіны