«Газпрам»: Пачакайце пару дзён і даведаецеся кошт на газ для Беларусі
- 24.12.2008, 17:10
Масква і Менск у цяперашні час афармляюць параметры паставак газу ў Беларусь на 2009 год, паведаміў намеснік старшыні праўлення «Газпрама» Аляксандр Мядзведзеў.
«Прынцыпы фармавання кошту на наступны год у адпаведнасці з раней дзеючымі кантрактамі ўзгодненыя, і ідзе афармленне кантракту на будучы год», — сказаў Аляксандр Мядзведзеў журналістам.
«Пачакайце пару дзён, калі будуць сфармаваныя канчатковыя параметры, тады ўсё даведаецеся», — заявіў Аляксандр Мядзведзеў, адказваючы на просьбу журналістаў назваць гэтыя параметры.
Раней у сераду намеснік генеральнага дырэктара кампаніі «Белтрансгаз» Цвітамір Сарахан паведаміў, што беларускі бок разлічвае да 31 снежня падпісаць дадатковае пагадненне аб кошце газу для Беларусі. Пры гэтым прадстаўнік «Белтрансгаза» адмовіўся назваць кошт на газ.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што кошт на газ у 2009 годзе для Беларусі будзе «зніжацца». Паводле словаў Лукашэнкі, кошт на газ для Беларусі будзе ў 2,5-3 разы ніжэй.
Дамоўленасць аб асноўных прынцыпах працы ў сферы паставак і аплаты газу на наступны год была дасягнутая на перамовах прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, якія адбыліся 22 снежня. Новы кошт на газ для Беларусі пакуль не абвяшчаецца.
У першым квартале 2008 года для Менска кошт газу складаў 119,53 даляра за тысячу кубаметраў, у другім квартале — 127,9 даляра за тысячу кубоў.