Лукашэнка падпісаў указ аб скутэрах
- 5.12.2008, 10:17
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае, у прыватнасці, абавязак кіроўцаў і пасажыраў мапедаў (скутэраў) удзельнічаць у дарожным руху толькі ў зашпіленых моташлемах.
"У сувязі са значным павелічэннем колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам мапедаў (скутэраў) і ў мэтах мінімізацыі іх негатыўных наступстваў з 1 студзеня 2009 года ўводзіцца абавязак кіроўцаў і пасажыраў мапедаў (скутэраў) удзельнічаць у дарожным руху толькі ў зашпіленых моташлемах", - заявілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указам таксама ўсталёўваюцца адзіныя патрабаванні да афармлення і выдачы заводамі-вытворцамі пашпартоў транспартных сродкаў і іх шасі, а таксама прадугледжваецца выдача на іх рэгістрацыйных знакаў для транспартных сродкаў, часова дапушчаных да ўдзелу ў дарожным руху.
Як адзначылі ў прэс-службе, адзіная форма пашпартоў транспартных сродкаў і іх шасі, што выдаюцца заводамі-вытворцамі, будзе зацвярджацца міністэрствам унутраных спраў сумесна з міністэрствам прамысловасці. Пры гэтым у выпадку самастойнага ўдзелу ў дарожным руху шасі транспартных сродкаў прадугледжаныя абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці іх уладальнікаў, а таксама адміністрацыйная і крымінальная адказнасць на ўзроўні, усталяваным для кіроўцаў транспартных сродкаў, заявілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.