BE RU EN

Прадпрымальнікі пакрыўджаныя: «Мы не спэкулянты, мы людзі, якія засталіся бяз працы»

  • 13.02.2008, 16:30

Падчас сустрэчы са студэнтамі БДУ Аляксандар Лукашэнка параўнаў прадпрымальнікаў са спэкулянтамі. Паводле яго словаў, прадпрымальнікам далі на пэўны час ільготы, але некаторыя пачалі працаваць па шэрых схемах, увозіць у краіну тавары сумнеўнай якасьці. Таму й прыняты ўказ № 760, які дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. “У іншым выпадку, — сказаў А.Лукашэнка, — прадпрымальнікі мусяць перарэгістравацца ў прыватныя унітарныя прадпрыемствы.”

Старшыня незарэгістраванага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч зь Віцебску, камэнтуючы гэтае выказваньне для “Радыё Свабоды”, мяркуе, што Лукашэнку не зусім дакладна інфармуюць.

“Мы не спэкулянты, мы людзі, якія засталіся бяз працы. Калі ў нас нешта забіраюць, то няхай нешта дадуць узамен. Я думаю, што Лукашэнку не зусім дакладна інфармуюць. Мы не займаемся ніякім шэрым бізнэсам. Калі нехта ў цэху, на заводзе нешта скрадзе, то ўвесь цэх не зачыняюць. Асноўная маса людзей мае вельмі мала грошай, таму і не пераходзіць у гэтак званыя “ЧУП”. Таму і ёсьць у нас намер — данесьці да Лукашэнкі, што лепш было б бліжэй разгледзець праблему прадпрымальнікаў. Мы проста хочам працаваць, у нас няма іншых сродкаў існаваньня”, - кажа прадпрымальніца.

У некаторых гарадах прадстаўнікі мясцовых адміністрацый праводзяць сустрэчы з прадпрымальнікамі. Па словах Ірыны Яскевіч, на ўчорашняй сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме ў прадпрымальнікаў выпытвалі, ці зьбіраюцца яны браць удзел у акцыі 18 лютага. “Калі кіраўніцтва вобласьці вырашыла, што мы пойдзем 18-га, то ня трэба іх падводзіць”, - лічыць І.Яскевіч.

Выканаўца абавязкаў старшыні Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў, што Лукашэнка чарговы раз агучыў набор клішэ, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, таму 18 лютага ўдзельнікі акцыі пратэсту маюць намер паставіць на плошчы намёты з мэтай дамагчыся адмены ўказу №760.

“Пра якія роўныя ўмовы можна казаць, калі проста вынішчаюць малы бізнэс? Лукашэнка казаў, што скрозь зубы чыноўнікам нельга размаўляць з прадпрымальнікамі. Хоць сам скрозь зубы размаўляе, бо не адчувае за прадпрымальнікамі сур’ёзнай масы. А маса прадпрымальнікаў вельмі сур’ёзная, толькі трэба згуртавацца. Тады, я думаю, ён ня будзе скрозь зубы гаварыць пра прадпрымальнікаў. Мы павінны яго прымусіць паважліва ставіцца да правоў грамадзянаў, у тым ліку і прадпрымальнікаў. Людзі рашуча настроеныя заставацца на плошчы, каб адбіць гэты ўказ”, - лічыць Алесь Макаеў.

Паводле актывіста кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Крываля, Лукашэнка спрабаваў усіх пераканаць у тым, чаго насамрэч няма.

“Ён зрабіў усіх прадпрымальнікаў спэкулянтамі. Гэта прапіхваньне сваіх пажаданьняў, ачмурэньне людзей. Вельмі хутка пойдуць праверкі гэтых “ЧУПаў”. Засьпяваюць яшчэ ЧУПаўцы! І далучацца да тых людзей, якія зараз адстойваць свае правы. Тут ня толькі ад улады залежыць, але і ад супольных дзеяньняў прадпрымальнікаў”, - упэўнены Віктар Крываль.

Нагадаем, 18 лютага а 12.00 прадпрымальнікі зноў зьбіраюцца сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, дамагаючыся адмены ўказу №760, які зьнішчае іх бізнес і пазбаўляе сродкаў да існаваньня сотні тысяч беларусаў.

Апошнія навіны