Беніта Ферэра-Вальднер: «Еўразвяз выказаў патрабаванні, якія Беларусь павінна выканаць»
- 14.02.2008, 10:51
Наколькі рэальныя перспектывы далучэння Беларусі да еўрапейскай палітыкі добрасуседства? Па словах еўракамісаркі па пытаннях знешняй палітыкі ЕЗ Беніты Ферэра-Вальднер, «дасягнуць гэтага Беларусі будзе няпроста, хоць супрацоўніцтва з Еўразвязам для краіны можа быць вельмі цікавым».
У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што «для Еўразвяза было б важна прапанаваць Беларусі супрацоўніцтва ў рамках палітыкі добрасуседства. Больш за тое, прыняты Еўразвязам год таму дакумент з прапановамі па супрацоўніцтве быў сустрэты беларускімі ўладамі з вялікім запалам. А Еўразвяз, з свайго боку, выказаў патрабаванні, якія Беларусь павінна выканаць. Сярод гэтых патрабаванняў – вызваленне ўсіх палітвязняў і пачатак насамрэч адкрытага дыялогу аб неабходных для Беларусі дэмакратычных ператварэннях», – падкрэсліла еўракамісарка.
Пры гэтым яна зазначыла, што «час ад часу беларускія ўлады ідуць насустрач пажаданням ЕЗ. У прыватнасці, неўзабаве будзе адчынены офіс Еўракамісіі ў Менску».
Нагадаем, што Беларусь засталася за межамі Шэнгенскай прасторы, хоць мела ўсе шанцы стаць удзельнікам Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Для гэтага краіне трэба было прыняць 12 прапаноў Еўразвяза: вызваліць палітвязняў, даць свабоду слова і правесці свабодныя выбары. Улады праігнаравалі прапановы ЕЗ. У выніку сёння беларусы змушаныя плаціць за шэнгенскую візу 60 еўра. Дарэчы, суседзі – украінцы і расейцы –плацяць за ўезд у краіны ЕЗ 35 еўра.