Пуцін пагражае перанакіраваць ракеты на аб'екты ПРА ЗША ў Еўропе
- 14.02.2008, 12:17
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея перанакіруе свае ракеты на аб'екты проціракетнай абароны ЗША, калі яны з'явяцца ў Польшчы і Чэхіі.
"Наш Генеральны штаб, нашы эксперты лічаць, што гэтая сістэма пагражае нашай нацыянальнай бяспецы. Калі яна з'явіцца, мы змушаныя будзем адэкватна рэагаваць. Вось тады мы змушаныя, пэўна, будзем перанакіраваць частку нашых ракетных сістэм на гэтыя аб'екты, якія нам пагражаюць. Не мы ж іх ствараем", – сказаў У.Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Маскве ў чацвер.
Разам з тым ён адзначыў, што Расея ажыццявіць перанакіраванне ракет толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. "Мы ні на каго ўвогуле не збіраемся нічога перанакіроўваць без крайняй неабходнасці", – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, "нашы амерыканскія партнёры вядуць справу і, хутчэй за ўсё так і будзе, да размяшчэння так званага трэцяга пазіцыйнага раёна ва Усходняй Еўропе – радара ў Чэхіі і антыракет на тэрыторыі Польшчы".
"Хто спытаў палякаў: хочуць яны там мець гэтыя сістэмы ці не? Хто іх спытаў? А згодна з наяўнымі ў мяне звесткамі, пераважная большасць грамадзян Чэхіі не ў захапленні ад гэтых планаў", – сказаў прэзідэнт.