Прадпрымальнікі Баранавічаў зноў выйдуць з пратэстам
- 20.02.2008, 14:51
Сябры каардынацыйнай Рады "Баранавіцкага каапрынку" падалі заяву ў гарвыканкам для правядзення сходу прадпрымальнікаў 28 лютага "ў мэтах абмеркавання сацыяльна-эканамічных праблем у сувязі з уступленнем у сілу ўказу № 760". Хоць за арганізацыю мітынгу пратэсту, які адбыўся ў Баранавічах 11 лютага, чацвёра прадпрымальнікаў атрымалі позвы ў суд.
Перанос дня і гадзіны суду над прадпрымальнікам Міколам Чарнавусам спачатку з 22 на 18 лютага на 9 гадзін раніцы, потым на 12 гадзін, а пасля на 19 лютага збянтэжыў мясцовых бізнэсмэнаў. Такая жа доля спасцігла разгляд па справе яшчэ трох прадпрымальнікаў, піша Bulletinonline.
У выніку пасля двухдзённага пасяджэння суд прысудзіў прадпрымальніка Міколу Чарнавуса да штрафу ў памеры 1,05 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за парушэнне ўсталяванага парадку правядзення мітынгу. Справы астатніх трох прадпрымальнікаў, якія разглядаліся ў судзе ў панядзелак і аўторак, вярнулі ў міліцыю "на дапрацоўку ў сувязі з недастатковасцю доказаў віны".
Нагадаем, прадпрымальнікі Мікола Чарнавус, Алег Пашко і іншыя абвінавачваюцца "ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу" індывідуальных прадпрымальнікаў, які прайшоў 11 лютага ў Баранавічах. Падчас акцый, у якой узялі ўдзел блізу 300 чалавек, прадпрымальнікі патрабавалі адмяніць падпункт 1.1 указу № 760, паводле якога з пачатку 2008 года ІП могуць наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.
Вынікам стыхійнай сустрэчы прадпрымальнікаў у Малым парку Баранавічаў сталі перамовы ў гарадскім Доме саветаў. Першы намеснік старшыні Віктар Аляксееў, начальнікі упраўлення гандлю і эканомікі Валянціна Махавік і Раіса Уласовіч, а таксама прадстаўнікі падатковай інспекцыі, сацыяльнай абароны, працаўнікі банка і МНС, прапанавалі прадпрымальнікам абмеркаваць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у іх пры пераходзе ў ПУП.
"Мы не будзем закранаць дарэчнасць указу, – растлумачыў падчас сходу Віктар Аляксееў. – Мы прадстаўляем выканаўчую ўладу і будзем выконваць законы".
У сваіх выступах прадпрымальнікі аналізавалі становішча на баранавіцкіх рынках і прапаноўвалі свой выхад з наяўнай сітуацыі. На думку выступоўцаў, спрэчны пункт указу №760 эканамічна неабгрунтаваны і негатыўна адаб'ецца на развіцці прадпрымальніцтва ў краіне. Якім разам ІП выказаліся, што пераход у юрыдычную асобу непад'ёмны для іх, а заставацца ў статусе ІП без наёмных працаўнікоў – гэта крок назад.
"Шмат сем'яў, якія тут знаходзяцца, прадалі свае кватэры, лецішчы, каб пабудаваць павільёны і гандлёвыя шапікі, – сказаў індывідуальны прадпрымальнік Алег Пашко. - А сёння гэтыя людзі засталіся ў разбітага карыта…"