BE RU EN

Прэмію імя Юрыя Захаранкі ўручаць Міколе Аўтуховічу

  • 21.02.2008, 15:44

Лаўрэатам прэміі імя былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі "З адкрытым забралам" па выніках 2007 года стаў прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч.

Нагадаем, прэмія ўручаецца штогод дэмакратычным рухам, які аб’яднае афіцэраў – былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых сілавых структур Беларусі.

Як паведаміла на цырымоніі ў Менску 21 лютага юрыст Раіса Міхайлоўская, прэмія ўручаецца "мужным людзям, якія абараняюць гонар нашай Радзімы". "Гэтая прэмія ўручаецца тым, хто ўнёс найбольшы ўклад у абарону правоў чалавека, хто змагаецца з дыктатурай, нават седзячы ў турме", – заявіла Р.Міхайлоўская.

Ветэран вайны ў Афганістане, праваабаронца Алег Воўчак адзначыў, што "было шмат кандыдатур на гэтую прэмію". "Сярод іх – прадпрымальнікі Віктар Гарбачоў і Аляксандр Камароўскі, якія не пабаяліся адстойваць сваё права на ўласную справу і сталі лідэрамі прадпрымальніцкага руху", – сказаў праваабаронца.

"Мне прыемна, што на пярэднім краі барацьбы за свае правы апынуліся былыя ваяры-афганцы – Мікола Аўтуховіч і Аляксандр Камароўскі. Асабліва важна тое, што, змагаючыся за свае правы, яны заўсёды заклікалі да вызвалення палітычных зняволеных, – найперш, Аляксандра Казуліна. Але Мікола Аўтуховіч апынуўся на пярэднім краі барацьбы прадпрымальнікаў. Ён з 1994 года абараняў свой бізнэс, ён не даваў хабараў, ні перад кім не кланяўся дзеля таго, каб яго бізнэс ніхто не чапаў", – заявіў А.Воўчак. Паводле яго слоў, "гэты чалавек умее спалучаць такія якасці, як дабрыня і жорсткасць, прыстойнасць і клопат аб людзях". "Яго імя ведае шмат хто, таму што ён праводзіў шмат дабрачынных мерапрыемстваў. Яго прадпрыемства шмат каму дало працу ў Ваўкавыску. Знаходзячыся ў турме, ён не раз аб'яўляў галадоўкі, адна з якіх працягвалася 74 дні. Такой працягласці галадоўкі пратэсту найноўшая гісторыя Беларусі, ды і іншых краін, яшчэ не ведала", –адзначыў А.Воўчак.

"Я хацеў бы падзякаваць усім, хто падтрымліваў мяне падчас зняволення. Толькі дзякуючы грамадскай увазе, грамадскаму кантролю на свабоду цяпер выходзяць палітычныя зняволеныя. Але я хачу нагадаць: у турмах яшчэ знаходзяцца не толькі "палітычныя", але і тыя людзі, якія знаходзяцца там па цалкам надуманых прычынах. Але яны баяцца пісаць адкрытыя лісты, заявіць адкрыта пра свае справы. І я спадзяюся, што на маім прыкладзе людзі ўбачаць, што калі варушыцца – можна нешта змяніць. І таму я буду цяпер супрацоўнічаць з усімі, хто дапамагае такім зняволеным", – заявіў М.Аўтуховіч.

Нагадаем, у розныя гады лаўрэатамі прэміі імя Захаранкі быў палітык, генерал Валеры Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін.

Апошнія навіны