BE RU EN

Амбасада Славаччыны спачувае сям'і Казуліных

  • 25.02.2008, 11:21

Амбасада Славаччыны ў Менску выступіла са спэцыяльнай заявай, у якой выказваюцца глыбокія спачуваньні сям’і Казуліных з прычыны сьмерці Ірыны Казулінай.

У заяве падкрэсьліваецца: “Спадарыня Казуліна заслугоўвае увагі і павагі асабліва за сваю грамадзянскую пазыцыю і самаахвярную барацьбу з ракам малочнай залозы. Сваім грамадзянскім прыкладам яна прыцягнула увагу да барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі, да падвышанага ўзроўню якіх у Беларусі прывяла перадусім чарнобыльская катастрофа”.

Таксама адзначаецца, што Ірына Казуліна – жонка прафэсара Аляксандра Казуліна, былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2006 годзе.

“На падставе абвінавачваньня ў спробе гвалтоўна зьмяніць канстытуцыйны лад прафэсар Казулін быў адразу пасьля выбараў асуджаны на пяць з паловай гадоў турэмнага зьняволеньня. Аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі ён прызнаны палітычным вязьнем”, – напісана ў заяве амбасады Славаччыны.

Апошнія навіны