Амбасада Францыі ў Беларусі заклікае вызваліць Казуліна
- 25.02.2008, 11:24
«Мы спадзяемся, што, зыходзячы з гуманных прынцыпаў, Аляксандр Казулін будзе вызвалены ў самы блізкі час», – заявіла БелаПАН 25 лютага амбасадарка Францыі ў Беларусі Мірэй Мюссо ў сувязі з сітуацыяй у сям'і вядомага беларускага палітыка.
Нагадаем, жонка А.Казуліна, экс-кандыдата ў прэзідэнты і лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Казуліна сканала ўвечары 23 лютага ад анкалагічнага захворвання.
«Мы смуткуем у сувязі з смерцю Ірыны Казулінай і выказваем глыбокія спачуванні яе мужу і дочкам, – сказала М.Мюссо. – Мы спадзяемся, што Аляксандр Казулін зможа прысутнічаць на пахаваннях і развітацца з сваёй жонкай».
М.Мюссо таксама выказала надзею, што да заявы Францыі далучацца іншыя краіны Еўразвяза.