BE RU EN

Бел-чырвона-белы марафон у Віцебску ў гонар 90-годдзя БНР

  • 27.02.2008, 9:40

26 лютага легендарны Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сцяг каля суду Віцебскага раёна. Сцяг з'явіўся прыкладна а 20 гадзіне на страсе трохпавярховага жылога дому насупраць будынка райсуда па вуліцы Камсамольскай.

Як паведаміў БелаПАН віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, спаслаўшыся на ўласныя крыніцы інфармацыі, да сцяга была прымацаваная занатоўка на беларускай мове наступнага зместу: "У гонар ініцыятара абвяшчэння аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі і аўтара III Статутнай граматы БНР Антося Луцкевіча. Слава героям! Жыве Беларусь! Мірон."

"19 студзеня гэтага года, вывесіўшы сцяг у гонар першага прэм'ера ўрада БНР Язэпа Варонкі, легендарны Мірон пачаў свой "Бел-чырвона-белы марафон", прысвечаны 90-годдзю стварэння гэтай дзяржавы, – нагадаў Барыс Хамайда віцебскім журналістам. – Ад вядомых мне крыніц інфармацыі я гэтаксама ведаю, што да 25 сакавіка бел-чырвона-белыя сцягі будуць з'яўляцца рэгулярна ў розных месцах Віцебска".

Нагадаем, першы бел-чырвона-белы сцяг ад імя Мірона з'явіўся ў 1995 годзе ў райцэнтры Лёзна Віцебскай вобласці. З тых часоў на Віцебшчыне невядомымі былі вывешаныя сотні сцягоў, прычым у цяжкадаступных месцах – на электрапровадах пад напругай у некалькі тысяч вольт, на стрэхах жылых дамоў і адміністрацыйных устаноў.

Супрацоўнікі міліцыі адсочваюць з'яўленне нацыянальных сцягоў, хоць затрымаць датычных да гэтых падзей апазіцыянераў у іх атрымліваецца дастаткова рэдка. Апошнім разам у Віцебску за вывешванне сцяга на электрычных правадах уздоўж вуліцы імя газеты "Праўда" былі асуджаныя беспартыйны актывіст Барыс Хамайда і сябар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Аляксандр Салаўян. Аднак занатоўку з подпісам "Мірон" на месцы іх затрымання не знайшлі ні супрацоўнікі міліцыі, ні супрацоўнікі МНС, якія здымалі сцяг. Так што асоба легендарнага Мірона па-ранейшаму застаецца тайнай.

Апошнія навіны