Лябедзька хоча абмеркаваць з Міклашэвічам і Навумавым свой невыязны статус
- 4.02.2008, 9:44
Як лічыць кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, той факт, што ён знаходзіцца ў спісе невыязных, гэта не толькі яго персанальная праблема, а "палітычнае пытанне нацыянальнага і міжнароднага гучання".
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька абмеркаваў праблему забароны выезду за мяжу з амбасадарам Францыі ў Беларусі Мірэй Мюссо, а таксама з амбасадарам ЗША Карэн Сцюарт.
У канцы мінулага года яму было адмоўленае ў выездзе за мяжу. Матывацыя – крымінальная справа, узбуджаная ў дачыненні палітыка яшчэ ў 2003 годзе, па артыкуле аб абароне гонару і годнасці прэзідэнта.
Лідэр АГП падкрэсліў, што будзе адстойваць свае канстытуцыйныя правы. "Я маю намер дамагацца альбо перадачы крымінальнай справы ў суд, альбо яе закрыцця, – заявіў ён. – Палітычны шантаж тут недарэчны".
"І ён абавязкова будзе прысутнічаць у дыялогу ЕЗ і ЗША з афіцыйным Менскам. Прынамсі, я атрымаў такія запэўненні. Спіс палітневыязных – на кантролі ў міжнароднай супольнасці", – паведаміў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька.
Як паведаміў палітык, ён мае намер асабіста сустрэцца з генеральным пракурорам Пятром Міклашэвічам і міністрам унутраных спраў Уладзімірам Навумавым, каб "пачуць каментары сітуацыі з першых вуснаў".