Расейская служба «Еўраньюс» замоўчвае прычыну ўвядзення амерыканскіх санкцый
- 10.03.2008, 11:01
Расейская служба пан'еўрапейскага тэлеканала «Еўраньюс» паведаміла пра рэакцыю беларускіх улад на санкцыі ЗША. Сюжэты Расейскай службы зрабілі дзіўнае ўражанне.
Тэлеканал прывёў у сюжэце заяву прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова пра адкліканне беларускага дыпламату з ЗША і рэкамендацыі амерыканскаму дыпламату з'ехаць з нашай краіны. Прыведзеныя таксама словы прадстаўнікоў Дзярждэпартамента, якія расчараваныя рашэннем улад Беларусі. Але ні словы ў сюжэце «Еўраньюс» не сказанае пра прычыну ўвядзення санкцый ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі. У выніку – інфармацыя магла выклікаць у незнаёмых з сітуацыяй людзей здзіўленне: навошта ЗША увялі санкцыі супраць улад Беларусі?
Нагадаем, што прычына ўвядзення санкцыі, найперш, у адмове беларускіх улад вызваляць вязняў сумлення з турмаў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.