Менчукі лічаць: «Маральная перавага на баку ЗША»
- 10.03.2008, 15:33
Менск адклікаў свайго амбасадара ў Вашынгтоне пасьля увядзеньня фінансавых санкцыяў адносна канцэрну “Белнафтахім”. Што думаюць пра канфлікт менчукі? З гэтым пытаньнем да іх звярнулася “Радыё Свабода”.
Карэспандэнтка: “Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?”
Спадарыня: “Я лічу, што вінаваты, канечне, прэзыдэнт. Бо ягоныя паводзіны іншы раз неадэкватныя. І ў гэтым выпадку, я лічу, такая ж сытуацыя. Нешта паўплывала — нейкая падзея, нейкая падстава зьявілася — і ў выніку вось такая неадэкватная рэакцыя”.
Спадар: “Пазыцыя ўладаў такая. Рэжым -- не рэжым, але кідаецца ў розныя бакі. Адсюль можна ўсе вытворныя выводзіць”.
Юнак: “Тут адназначна нельга сказаць, бо, з аднаго боку, тут маральная перавага на баку ЗША. Гэта іхны адказ, што Казуліна зьняволілі і не жадаюць адпускаць. А зь іншага боку, ЗША парушаюць міжнародныя правы, бо ўмешваюць палітыку ў эканоміку. І ў прававым пляне большую рацыю мае менавіта МЗС Беларусі”.
Карэспандэнтка: “Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?”
Спадар: “Хто вінаваты? Я думаю, урады абедзьвюх краінаў. Проста трэба сядаць за стол перамоваў і спрабаваць знайсьці нейкі кампраміс. Больш я ня ведаю, што сказаць”.
Спадарыня: “Пагаршаюцца адносіны. Дык жа і чуеш, што Лукашэнка заўсёды на Амэрыку валіць. “Бацька” заўсёды вінаваціць Амэрыку. Ужо думаецца: а ці не пара нам іншага прэзыдэнта выбраць? Можа, у нас былі б лепшыя адносіны?”
Спадар: “Вінаватыя часткова нашы. У кожным разе тое, што адбываецца, не ідзе на карысьць нашаму кіраўніцтву. Да прыкладу, амбасадар ЗША нават не пракамэнтаваў гэтую сытуацыю. Гэта сьведчыць пра адносіны амэрыканцаў да нашай краіны. І калі ўвялі санкцыі, то іх таксама ўводзяць не для ўсіх краін, асабліва ў такой галіне, як нафта. Таму крыўдна, што нашае кіраўніцтва ня можа знайсьці агульнай мовы з эўрапейскімі дзяржавамі і з такімі вялікімі дзяржавамі, як ЗША”.