Павал Севярынец: «Дзень Волі трэба адзначаць на плошчы»
- 10.03.2008, 17:08
Што для беларусаў значыць Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі? Як варта адзначаць Дзень Волі 25 сакавіка і 90-я угодкі БНР? З развагамі, як тое магло б адбывацца – палітык, былы палітвязень Павал Севярынец.
-- Як адзначаць? Вельмі проста. З самай раніцы – у царкву. Удзень – на плошчу. Вечарам – з сябрамі. Кульмінацыяй сьвяткаваньня ёсьць Дзень Волі на плошчы. Ад гэтага нікуды ня сыдзеш. Самі плошчы – менскія, беларускія ўвогуле – гэта своеасаблівы сымбаль Волі. Волі – як свабоды, як прасторы... І Волі – як рашучасьці, як моцы, -- паведаміў Севярынец ц інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
-- Для Вас асабіста чым ёсьць Дзень Волі?
-- Для мяне Дзень Волі – гэта дзень, калі звычайна я сустракаюся з тысячамі знаёмых, з сябрамі, з братамі, з сёстрамі – з усімі тымі, хто верыць у Бога, хто любіць Беларусь. І гэта – дзень вялікай сустрэчы для мяне. Сустрэчы тых людзей, якія сапраўды ўнутрана вольныя. Бо ў Беларусі воля азначае і свабоду, і рашучасьць. І калі ў адным месцы, на плошчы, у Дзень Волі зьбіраецца мноства людзей, якія адначасова і свабодныя, і рашучыя – безумоўна, трэба быць разам зь імі.