Беларускія прадпрымальнікі зьбягаюць ва Ўкраіну?
- 12.03.2008, 9:45
У гэтыя дні на рынках у Берасьці застаюцца зачыненымі больш як паўтысячы месцаў "іпэшнікаў", асноўная частка якіх ужо гандлюе ў суседняй Украіне.
Украінская Валынь налічвае чатыры гарады абласнога падпарадкаваньня і 22 пасёлкі гарадзкога тыпу. Беларускія прадпрымальнікі атабарыліся ў асноўным у Ковелі, Новавалынску і Луцку, піша Bulletinonline
Разварочваюць свае палаткі на рынках у пятніцу, суботу і нядзелю. У іншыя дні вандруюць за таварам у Менск, у Маскву і Хмяльніцкі. У Хмяльніцкім цяпер самы танны асартымэнт, які дастаўляюць з Турцыі, Польшчы, Нямеччыны.
Прадпрымальнікі зь Берасьцейшчыны не скардзяцца, што на ўкраінскім боку адчуваюць уціск. Са словаў жыхара Берасьця Івана Пракаповіча, падаткі ў суседзяў меншыя, як па колькасьці, так і ў суме:
– Патэнт на гандаль каштуе 20 грывен. Плацім таксама месячную стаўку адзінага падатку: 30 грывен. Дарэчы, гэтыя кошты павялічыліся сёлета ў студзені. А ў папярэдні раз яны пераглядаліся ў 2005 годзе. Ва Ўкраіне празрыстая схема кантролю за выплатай падаткаў. Няма такіх пабораў інспэктарамі і дзяржаўнымі органамі, як у Беларусі.
Ініцыятыўныя прадпрымальнікі зь Берасьцейшчы накіравалі ў гэтым месяцы лісты прэзыдэнту Віктару Юшчанку і прэмьеру Юліі Цімашэнка.
Сябра кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Мікалай Чарнавус зь Баранавічаў паведаміў, што ў звароце да кіраўнікоў Украіны беларусы просяць садзейнічаньня ў стварэньні аптовых рынкаў у пяцікілямэтровай зоне мяжы зь Беларусьсю.
– Мы спасылаемся на досьвед Польшчы, якая за некалькі апошніх гадоў падцягнула да сваёй ўсходняй мяжы аптовыя рынкі будаўнічых матэрыялаў, садова-агароднай тэхнікі, харчаваньня.
Мікалай Чарнавус кажа, што 760-ы ўказ Лукашэнкі забараніў беларускім прадпрымальнікам наймаць людзей на працу. Многія цяпер змушаныя самі стаяць за прылаўкамі. З-за гэтага скарачаецца дзелавое супрацоўніцтва з суседзямі. Таму беларускія ІП гатовыя ўкладаць нават асабістыя сродкі ў будаўніцтва аптовых складоў непадалёку ад мяжы.
Ці шмат беларускіх прадпрымальнікаў могуць зьбегчы ва Ўкраіну?
Старшыня Берасьцейскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня "Пэрспэктыва" Віктар Чайкоўскі паведаміў:
– На нашым "Варшаўскім рынку" цяпер 400 вольных гандлёвых боксаў. На рынку "Стары горад" – каля 100 палатак. На рынку "Юбілейны" – 80. На рынку за ЦУМам – каля 70. Зачыненымі застаюцца шэраг вулічных шапікаў па продажы канцылярскіх тавараў, бытавой хіміі і асабістай гігіены, парфумы.
Са словаў Віктара Чайкоўскага, адміністрацыі згаданых рынкаў ужо зьвярнуліся ў Берасьцейскі гарвыканкам за дазволам на падвышэньне арэнднай аплаты. Суразмоўца лічыць, што гэта стане пачаткам новага этапу пратэстаў.