Мясніковіч: «Санкцыі ЗША адаб'юцца на эканамічным становішчы Беларусі»
- 12.03.2008, 17:22
Старшыня Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч заявіў, што санкцыі ЗША пагражаюць беларускай эканоміцы.
Санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненні канцэрна "Белнафтахім" і яго даччыных структур, з'яўляюцца дэманстрацыяй сілы, але могуць пасля адбіцца на эканамічным становішчы Беларусі, заявіў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні "круглага стала" па пытаннях імпартазамяшчэння ў Менску.
"Шмат у чым санкцыі, уведзеныя ЗША, з'яўляюцца дэманстрацыяй сілы, але гэтая нявызначанасць можа адбіцца на нашым эканамічным становішчы", – сказаў М.Мясніковіч.
У гэтым звязку ён адзначыў, што Беларусь павінна больш уважліва здзяйсняць замежныя крэдытныя запазычанні.
"Мы сёння актыўна працуем з расейскімі банкамі. Але нават, калі расейскі банк мае хаця б адну амерыканскую акцыю, то ЗША могуць прымусіць гэты расейска-амерыканскі банк не праводзіць з намі аперацый", – сказаў М.Мясніковіч. Ён адзначыў, што ў Беларусі ў 2007 годзе рост пазыковых сродкаў прадпрыемстваў склаў 46,3%. "Але мы павінны разумець, што ў нас пераважае дзяржсектар, і, калі гэтыя прадпрыемствы апынуцца незаможнымі па тых або іншых прычынах, замежныя крэдыторы будуць звяртацца да дзяржавы, і гэта не пойдзе на карысць нашай эканоміцы", – зазначыў старшыня НАН.
Паводле яго слоў, у 2007 годзе ў Беларусь паступіла "замежнага капіталу ў выглядзе кароткатэрміновых крэдытаў пад "абаротку" і імпартныя закупы каля $3 млрд". "Мы часам прыцягваем замежны капітал па працэнтнай стаўцы, якая перавышае ўзровень рэнтабельнасці, гэта гаворыць пра тое, што мы імпартуем капітал, а для эканомікі гэта недапушчальна", – сказаў М.Мясніковіч.