BE RU EN

Мілінкевіч сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Польшчы

  • 17.03.2008, 15:37

У панядзелак 17 сакавіка Аляксандр Мілінкевіч сустракаецца з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

У парадку дня перамоваў лідэра Руху “За Свабоду” з кіраўніком польскага ўраду пытанні, звязаныя з развіццём далейшага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі ЕС. У прыватнасці, размова пойдзе пра крокі па спрыянні дэмакратызацыі Беларусі праз інфармаванне беларусаў пра перавагі еўрапейскага выбару, адукацыю новых упраўленчых кадраў і выпрацоўку “дарожнай карты” еўрапейскай інтэграцыі для Беларусі.

Будуць абмеркаваныя працяг і далейшае пашырэнне польскіх праграмаў па падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі. Сярод найбольш вядомых прыкладаў польскай дапамогі можна працытаваць праграму імя К.Каліноўскага, незалежны беларускі канал “Белсат”, Радыё Рацыя.

- Я таксама буду ўздымаць вельмі балючае для беларусаў пытанне кошту шэнгенскіх візаў і спрашчэння працэдураў па іх атрыманні, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Апроч гэтага, размова пойдзе пра магчымасці польска-беларускага супрацоўніцтва ў сферы малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама пра развіццё памежных кантактаў і турызму.

Польшча – гэта краіна, якая найбольш зацікаўленая ў падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі. Такая падтрымка і салідарнасць з боку Польшчы – гэта найлепшая інвестыцыя ў будучыя прыязныя дачыненні з дэмакратычнай Беларуссю. А менавіта гэта адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам беларускага і польскага народаў.

Апошнія навіны